Ілюстрацыйнае фота

У Гродна прынялі канцэпцыю развіцця роварнага руху.

Адным з найважнейшых параметраў, пазначаных у канцэпцыі, з’яўляецца працягласць роварнай сеткі па горадзе. Плануецца, што да 2030 года будзе забяспечана стварэнне 130 кіламетраў новых роварных шляхоў, сярод якіх 70 км адасобленых роварных сцежак і 60 км сумешчаных роварапешаходных сцежак. Нагадаем, што сёння ў Гродне налічваецца ўсяго 17,65 км роварных сцежак.

Канцэпцыя была створана ў межах праекту «Гарадскі роварны рух у Беларусі». Працаваць над ёй эксперты праекта і члены клуба «ВелаГродна» пачалі яшчэ ў мінулым годзе, у перыяд распрацоўкі новага Генплану г. Гродна.

Да ўдзелу ў напісанні канцэпцыі таксама былі запрошаныя арганізацыі, якія ўваходзяць у склад Савета па развіцці роварнага руху пры Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце. Перад канчатковым узгадненнем і падпісаннем дакумент быў вынесены на публічнае абмеркаванне з грамадскасцю.

Дагэтуль канцэпцыя развіцця роварнага руху была распрацавана і зацверджана толькі ў Мінску.