Фота з сайта vaticannews.va

Арцыбіскуп Габар Пінтэр развітваецца з Беларуссю. Папа Францішак накіраваў іерарха на дыпламатычную працу ў Цэнтральную Амерыку. Адмысловае паведамленне было апублікавана 12 лістапада 2019 г.

“Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Гандурасе яго эксцэленцыю шаноўнага арцыбіскупа Габара Пінтэра, тытулярнага арцыбіскупа Велбужцкага, да гэтага часу Апостальскага нунцыя ў Беларусі”, — гаворыцца ў тэксце.

Іерарх з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Беларусі з 13 мая 2016 г. Ён змяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці.

Арцыбіскуп Пінтэр нарадзіўся ў Венгрыі 9 сакавіка 1964 г. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 г. Працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Ведае венгерскую, італьянскую, англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую, рускую, шведскую і крэольскую мовы.