Фота з адкрытых крыніц

За арганізацыю вулічнага шэсця “Дзяды” ў Курапаты 3 лістапада, а таксама ў Лошыцкі яр 10 лістапада, супраць арганізатараў шэсця распачата адміністрацыйная справа.

Як паведаміў Народнай Волі намеснік старшыні Партыі БНФ Юры Беленькі, які з’яўляецца прадстаўніком партыі-арганізатара шэсця, прычынай сталася адмова падпісаць абавязацельства аплочваць працу міліцыі падчас шэсця. Арганізатары звярнуліся ў Мінгарвыканкам з тлумачэннем прычыны адмовы аплаты, называючы патрабаванне незаконным. Аднак, не зважаючы, што адказ Мінгарвыканкама яшчэ не атрыманы, лідараў партыі БНФ выклікаюць у міліцыю для тлумачэнняў паводле ўжо распачатай адміністрацыйнай справы.

Як заявіў Юры Беленькі, арганізатары шэсця называюць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ціскам з прычыны палітычнай скіраванасці “Дзядоў” і з гэтай нагоды маюць намер звяртацца ў пракуратуру.