Фота з сайта mspring.online

Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў сярэдняй школе №40 Магілёва 5 лістапада, дзеючы дэпутат парламента Ігар Марзалюк, які балатуецца на другі тэрмін, заявіў, што адной з задач новага парламента стане праца над новай Канстытуцыяй і новай мадэллю палітычнай сістэмы, паведамляе сайт mspring.online.

Мы знаходзімся на зломе эпох. Беларусь за 25 гадоў прайшла вельмі вялікі, цяжкі, складаны і зусім неадназначны шлях.

Разам з тым, мы захавалі дзяржаву з усімі яе атрыбутамі. Мы змаглі не праваліцца. Але мы выкарысталі той рэсурс, у тым ліку рэсурс савецкі, які быў.

Таму задача для парламента – праца над новым варыянтам Канстытуцыі, над новай мадэллю палітычнай сістэмы. Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць праз рэферэндумы. Ясна, што гэта ўсё будзе праходзіць з улікам меркаванняў абсалютнай большасці грамадзян. Усё гэта будзе.

Ёсць 17 розных варыянтаў Канстытуцыйнага акту на сённяшні дзень. Канстытуцыйны акт прадугледжвае – з таго, што я магу сказаць – пераразмеркаванне функцый улады. Гэта больш улады парламенту, які будзе кантраляваць прэм’ер-міністра.

Гэта будзе адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Гэта рэформа мясцовага самакіравання.