Аляксандр Класкоўскі

Цяперашняя выбарчая кампанія выглядае надзвычай сумнай. Вертыкаль відавочна перастрахоўваецца. Апазіцыю амаль што цалкам пракінулі на этапе фарміравання выбаркамаў, яркія фігуры адсеяны пры рэгістрацыі, на этапе агітацыі пазбаўляюць кандыдацкага статусу найболей вострых крытыкаў цяперашняга палітычнага курсу, некаторыя выступленні цэнзуруюць і не пускаюць у эфір.

Выступленні ж многіх праўладных кандыдатаў па тэлебачанні, іх надрукаваныя ў прэсе праграмы выглядаюць цалкам бездапаможнымі. Вось мне трапіліся на вочы праграмы двух кандыдатаў, што балатуюцца па Жодзінскай выбарчай акрузе №64, – Валерыя Стральчонка і Максіма Курыловіча. Абедзве шчодра нашпігаваны штампамі ў духу «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага».

Сябар Камуністычнай партыі Беларусі, намеснік дырэктара палітэхнічнага каледжа Стральчонак, напрыклад, дэкларуе: «Мэта маёй працы ў выпадку абрання дэпутатам – устойлівае і дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё горада Жодзіна і Смалявіцкага раёна». Выдатна, але за кошт чаго ён збіраецца гэтага дамагацца?

У праграме маецца, праўда, пункт «Прыцягненне інвестыцый у акругу для развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі». Але якім чынам? Што, ён скажа: гэй, інвестары, усе сюды! – і яны пабягуць спатыкаючыся? Ці мо запэўніць: зуб даю, што менавіта тут вашы грошыкі прынясуць шалёныя дывідэнды? Смех дый годзе.

Справа парламентарыя – каваць законы, якія павінны прыносіць карысць не толькі Жодзіну і Смалявіцкаму раёну, а ўсёй краіне. Але пра заканадаўчую працу ў праграме практычна нічога няма, калі не лічыць туманнай фразы пра «ўключэнне ў страхавы стаж перыядаў службы ў арміі і дэкрэтнага адпачынку». Аднак жа яшчэ ў мінулым месяцы Міністэрства абароны паведаміла, што прапанову пра ўключэнне перыяду тэрміновай вайсковай службы ў страхавы працоўны стаж прэзідэнт ужо ўхваліў і даручыў распрацаваць адпаведны прававы акт да 1 снежня. Дык нашто ламацца ў адчыненыя дзверы?

Акрамя таго, праграма Стральчонка насычана абстрактнымі, размытымі абяцаннямі якаснага медыцынскага абслугоўвання, забеспячэння сучасным медыцынскім абсталяваннем, стварэння спрыяльных умоў для пражывання, новых высокатэхналагічных працоўных месцаў, удасканалення работы сферы адукацыі і г.д.

Асабліва ж уражвае размах намераў усяго ў акрузе набудаваць. Кандыдат маецца садзейнічаць фінансаванню і пабудове сучаснай аўтастанцыі, дзіцячай паліклінікі, жылых дамоў у мікрараёне №9, а таксама ў сельскай мясцовасці для тых, хто мае патрэбу, сярэдняй школы ў 8-м мікрараёне (дарэчы, такое ж абяцанне наконт школы ды паліклінікі дае і начальнік змены тэрмагальванічнага цэха БелАЗа, прафсаюзны актывіст Курыловіч).

Мо гэтыя кандыдаты – Дзяды Марозы, чараўнікі Ізумруднага горада? Бо калі не, то зноў жа паўстае рубам банальнае пытанне: дзе набрацца на ўсе гэтыя цуды грошай? Дзяржаўны бюджэт – не бяздонная бочка. Трэба быць ну вельмі наіўным выбаршчыкам, каб паверыць, што менавіта жодзінскім дэпутатам пашэнціць скіраваць грашовыя плыні на дэклараваныя мэты. Ім што, за прыгожыя вочкі мільёны адваляць? А чым горшыя астатнія сто з гакам дэпутатаў?

Увогуле ж зусім не ў тым іх задача, каб цягнуць фінансавую коўдру на сябе. Бо пры такім падыходзе атрымліваецца Трышкаў каптан: калі для аднаго рэгіёна ўварваць болей, то ў іншым месцы чагосьці недаатрымаюць. Місія дэпутатаў нацыянальнага ўзроўню – ствараць прагрэсіўныя законы, каб дзяржава багацела, тады і ў кожнай акрузе жыццё стане больш заможнае, шпарчэй пойдуць розныя будоўлі.

Згаданыя ж праграмы – пракіслы вінегрэт з агульных фраз і драбнатэм’я. Курыловіч, у прыватнасці, абавязуецца садзейнічаць «стварэнню спрыяльных умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў сельскай мясцовасці». Якім чынам – гадайце самі. Ён жа абяцае спрыяць «добраўпарадкаванню дваровых тэрыторый, будаўніцтву дзіцячых пляцовак, абсталяванню веладарожак і тэрыторый для выгулу жывёл». Натуральна, сабачыя пляцоўкі таксама патрэбны, але ж ці гэта стратэгічная задача парламентарыя?

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 5 лістапада