Фото с сайта Newsbel.by

Тэлеканал «Беларусь-3» блакаваў выступленне кандыдата ў дэпутаты лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, якое планавалася да трансляцыі 1 лістапада.
Раней, 18 верасня, акружная выбарчая камісія вынесла Мікалаю Казлову папярэджанне за пікет памяці, які прайшоў падчас збору подпісаў.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» таксама паведамляе, што за час агітацыйнай кампаніі, якая распачалася ад 17 кастрычніка, грамадзяне не змаглі пачуць выступы альбо азнаёміцца з перадвыбарчымі праграмамі яшчэ сямі апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Гэта Уладзімір Няпомняшчых з Гомеля, Міхаіл Бандарэнка з Мазыра, Дзіяна Чарнушына і Мікалай Маслоўскі з Мінску, Ірына Давідовіч з Іўя, Дзмітрый Савіч са Светлагорска.

Паводле назіральнікаў кампаніі, афіцыйнай прычынай адмены трансляцыі выступаў называюцца «прыкметы парушэння артыкула 47 Выбарчага кодэкса». На думку экспертаў, змест гэтага артыкула трактуецца выбарчымі камісіямі празмерна шырока, што вядзе да абмежавання свабоды перадвыбарчага выступу кандыдата ў дэпутаты і носіць характар цэнзуры.

Праваабаронцы таксама зафіксавалі выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў агітацыйнай кампаніі праўладных кандыдатаў і перашкоды для незалежных і апазіцыйных кандыдатаў. Мясцовыя выканкамы таксама не цалкам публікуюць інфармацыю аб выдаткаванні сродкаў спецыяльных выбарчых рахункаў кандыдатаў у дэпутаты.

Выбарчую кампанію перадусім асвятляюць незалежныя медыя, дзяржаўныя абмяжоўваюцца афіцыйнай інфармацыяй, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».