Фото с сайта bellesbumprom.by

Завод сульфатна-беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК», не зважаючы на пратэсты грамадскасці, запрацуе на поўную магутнасць з 2020 года. Пра выхад прадпрыемства на «праектныя магутнасці» паведаміў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юры Назараў. Праектныя магутнасці прадпрыемства разлічаныя на забеспячэнне сыравінай усе цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы канцэрна.

Цэлюлозны завод у Светлагорску распачынае працу, не зважаючы на інцыдэнты і пратэсты гараджан, якія суправаджаюць прадпрыемства ад пачатку яго будаўніцтва.
Так, у 2012 годзе жыхары Светлагорска і бліжэйшых вёсак сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва экалагічна-небяспечнай вытворчасці ў блізкім суседстве з жылымі кварталамі Светлагорска і суседнімі вёскамі.

Шкоднасць завода беленай цэлюлозы для наваколля і людзей сталася відавочнай у 2017 годзе, калі пусканаладачныя працы суправаджаліся выкідамі ў паветра шкодных рэчываў, якія мелі дрэнны пах і адмоўна ўплывалі на самаадчуванне мясцовых жыхароў.

Кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК адмаўляла гэты факт, аднак пад ціскам грамадскасці прызнала прысутнасць у выкідах шкоднага газу. Таксама было прызнана, што кітайская кампанія, якая першапачаткова ўзводзіла прадпрыемства, дапускала парушэнні ў будаўніцтве.

Тым не менш, Гомельскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду ў кастрычніку выдала заключэнне, што завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску адпавядае патрабаванням бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці і ўводзіцца ў эксплуатацыю.