Бюст Агінскаму ў Слоніме

У Слоніме побач з драматычным тэатрам усталяваны бюст былога старасты горада, вядомага мецэната, паэта і кампазітара Міхаіла Казіміра Агінскага. На месцы цяперашняга драматычнага тэатра ў ХVІІІ стагоддзі размяшчаўся тэатр Агінскага.

Вядомы дзяржаўны дзеяч Міхаіл Казімір Агінскі ператварыў Слонім у сапраўдны еўрапейскі культурны цэнтр, які ў ХVІІІ стагоддзі называлі Паўночнымі Афінамі. Менавіта за час яго праўлення быў збудаваны водны канал, які злучыў Шчару і Прыпяць, дагэтуль функцыянуе і носіць зараз ягонае імя. Пры Агінскім была адкрыта першая ў горадзе друкарня і тэатр з балетнай школай, які быў вядомы далёка за межамі Слоніма.

Бюст Агінскаму быў выкананы на мясцовым прыватным прадпрыемстве “Гранві”, якое займаецца вырабам надмагільных помнікаў, гранітных сталешніц, падаконнікаў, сталоў, балясін, лесвіц і іншага.

Кіраўнік “Гранві” Уладзімір Вількіцкі распавёў “Народнай Волі”, што ідэя ўсталявання бюста Агінскаму належыць грамадскаму аб’яднанню “Слонімскі Канал Агінскага”, сябрам якога ён і з’яўляецца. Акрамя гэтага сябры грамадскага аб’яднання прадставілі матэрыял для пастамента пад бюст.

“Я наагул сам не скульптар, але разам з супрацоўнікамі сваёй фірмы з задавальненнем працаваў над бюстам Агінскаму, — падкрэслівае Вількіцкі. – І ў прынцыпе мы ўсё астатняе зрабілі за сродкі сваёй фірмы. Усе, хто працаваў са мною над бюстам, добра ведалі каму ён прызначаецца і мы ганарымся, што здолелі зрабіць свой ўнёсак ва ўвекавечванне памяці такога вялікага чалавека, які так шмат зрабіў для нашага горада”.

Бюст павінны былі адкрыць яшчэ ў верасні напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які адбываўся сёлета ў Слоніме, але пазней прынялі іншае рашэнне і ўрачыстае адкрыццё помніка павінна адбыцца 6 лістапада.