Уладзімір Някляеў, фота з выбарчай кампаніі 2010 года

Паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў на сваёй інтэрнэт-старонцы ў сацыяльнай сетцы фэйсбук апублікаваў адкрыты зварот да Старшыні і Рады Беларускага ПЭН-цэнтра

Шаноўныя калегі!

29 кастрычніка, пад ноч расстраляных паэтаў, на першым пасля з’езда паседжанні Рады Беларускага ПЭН-цэнтра частка ягоных сяброў скарыстала, як спосаб дасягнення пажаданых вынікаў галасавання Рады, наўпроставы шантаж. Інструмент, якім карысталіся і карыстаюцца ў беларускіх спецслужбах, але ніколі не карысталіся, ва ўсяім разе на маёй памяці, у творчых аб’яднаннях, у літаратурных суполках.

Я пакідаю за дужкамі тое, што сярод людзей, якія падпісаліся пад гэтую малапрыстойную дзею, былі не грамадзяне Беларусі, а значыць, не чальцы Беларускага ПЭНа. Пакідаю за дужкамі і тое, што ў працэдуру ТАЕМНАГА галасавання было прыўнесенае далёка не таемнае галасаванне тэлефоннае. Але сам факт шантажу пакінуць за дужкамі не выпадае.

Па-сутнасці ў офісе на Залатой Горцы адбыўся паказ чарговай серыі «Санта Барбары» з класічным наборам плачаў, істэрык, пагроз: «Я ўскрыю вены!.». – а нам даводзяць, што там адбылося паседжанне Рады Беларускага ПЭН-цэнтру. Гэта зневажае ПЭН, зневажае ягоных заснавальнікаў, адносіны да якіх адна з гераінь серыялу выказала не двухсэнсоўна: «Я мыслю PEN не як спадчыну Быкава і Шэрмана…»

А я мыслю ПЭН менавіта так. Як спадчыну Быкава і Шэрмана, спадчыну найлепшага, што было ў беларускай літаратуры, у асяродку літаратараў – у тым ліку спадчыну чалавечай прыстойнасці. Высакародства, якое б адпавядала высакароднаму занятку літаратурай.
Я не збіраюся на шантаж адказваць шантажом, заяўляць, што выйду з ПЭНа разам з тымі, хто мяне падтрымлівае. Я не збіраюся вяртацца ў кіраўніцтва ПЭНа – гэтага мне хапіла. Але і пакідаць ПЭН на скарыстанне героям мыльных опер я таксама не збіраюся. Надта шмат там майго жыцця.

Прашу старшыню ПЭНа склікаць чарговую Раду, перагледзець пастанову, прынятую пад ціскам і гвалтам на паседжанні 29 кастрычніка, каб прыйсці да ўзважанага, адказнага, адпаведнага званню сябра Беларускага ПЭНа і прызванню пісьменніка, рашэння. У выпадку, калі Рада да такога рашэння не прыйдзе, прашу склікаць (і буду настойваць на гэтым) пазачарговы З’езд.

З нязменнай павагай да ўсіх, хто нясе ў сабе беларускае мастацкае слова, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, –
Уладзімір Някляеў.