Ніл Гілевіч. Фота svaboda.org

Волатам духу народнага,
Сакаліным узмахам крыл
Беражэ Беларусь гаротную
Наш паўнаводны Ніл.
Ніна Аксёнчык

Невядома, хто першы параўнаў нашага народнага паэта Ніла Гілевіча з паўнаводнай афрыканскай ракой. Можа, усё пачалося са слоў Ларысы Геніюш, якія яна аднойчы напісала Міхасю Скоблу: Ніл Гілевіч – гэта жывіцель пустыні». Як бы там ні было, азначэнне трапнае і сімвалічнае. Прывяду Міхасёвы радкі ў гэтай сувязі: “ параўнанне, у адрозненне ад многіх другіх, не кульгае. Калі азірнуцца на зробленае Гілевічам ва ўмовах, набліжаных да афрыканскіх, то так – ён той Ніл, які жывіць пустыню. І ўжо залежыць ад нас, ці будуць памнажацца ў гэтай пустыні аазісы беларушчыны або ўсё ізноў засыплюць сухія і абыякавыя пяскі».

23 лістапада мінулага года на Кальварыйскіх могілках з’явіўся выдатны помнік паэту пры ўдзеле скульптара Ігара Засімовіча, які з душой апрацаваў просты беларускі
валун. А ці ведаў і сёння ці ведае пра гэта беларускі народ, якому столькі душэўнай энергіі аддаваў пры жыцці таленавіты творца і мужны грамадскі дзеяч? Прызнаюся, я сам выпадкова даведаўся дзякуючы інтэрнэту. Толькі праз пару дзён паставіў свечку ў Чырвоным касцёле і ў адзіноце пастаяў той жа раніцай на Кальварыі каля магіл Гілевіча і ягонай вернай спадарожніцы па жыцці Ніны Іванаўны.

А ці вядома таксама беларускім людзям, што нацыянальнымі сіламі ствараецца ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча? Мабыць, не ўсім, бо толькі апазіцыйныя сродкі інфармацыі імкнуцца расказаць пра такія знакавыя падзеі. А ва ўсіх астатніх, залежных ад дзяржаўных чыноў, пануе, на маю думку, вакуум страху і ўгодлівасці ў чаканні адмашкі з уладных вышынь або звычайная абыякавасць. А той-сёй спадзяецца на любоў народную за свае геніяльныя тварэнні і напінаецца, згодна з барадулінскім афарызмам, стаць клічнікам, хаця задуманы як пытальнік і яму выгадней прапагандаваць самога сябе любімага.

Неяк на адным з мерапрыемстваў у Музеі Якуба Коласа ў размове з літаратарам, які быў у сяброўскіх адносінах з Нілам Сымонавічам, перакінуліся некалькімі фразамі
пра памянёныя вышэй помнік і ўніверсітэт. Выказаў думку, што добра было б падумаць і пра музей паэта. Пачуў у адказ сумненне ў магчымасці здзяйснення падобнага ў бліжэйшы час.

Так, цяпер высокія дзяржаўныя чыноўнікі мала што цнатліва маўчаць, дык ні грошыка не выдзелілі для ўмацавання памяці пра вядомага творцу. Але ж і празмерна не перашкаджаюць: далі дазвол на заснаванне беларускага ўніверсітэта з яго імем. І дзякуй тым людзям, якія паклапаціліся ў гэтай справе і ў нялёгкіх варунках яе працягваюць. Пакуль з цяжкасцямі і перашкодамі. А раптам і задуму з музеем удасца ажыццявіць? Блізкі сябар Гілевіча Яўген Стасевіч расказваў пра прысутнасць на адкрыцці помніка шматлікай моладзі. Гэта радуе – будучыня ў іх руках. Толькі б не быў гэты імпэт часовым. У рэшце рэшт хочацца спадзявацца, што і дзяржаўныя мужы пачынаюць разумець неэфектыўнасць дзейнасці сваіх ідэолагаў. Аб’яднаць беларусаў, зрабіць суверэнітэт краіны надзейным, карыстаючыся састарэлымі догмамі з чужацкімі ідэямі, немагчыма. Павінен быць свой аб’яднаўчы рух з арыентацыяй на волатаў беларушчыны. Маё перакананне, што адной з такіх асоб, якія зусім нядаўна актыўна змагаліся за будучыню Беларусі і жывуць у памяці народа, з’яўляецца Ніл Гілевіч. Ён быў сумленным і амаль бездакорным у грамадскай дзейнасці і ў асабістым жыцці, на якое не заставалася вольнага часу.

А ягоная літаратурная творчасць – высокамастацкае адлюстраванне асабістага шляху і лёсу краіны ў складанай рэчаіснасці…

Матэрыял Януся Мальца пад рубрыкай «Духоўны скарб» чытайце ў газеце «Народная Воля» за 1 лістапада