Фота: БЕЛТА

Назіральная рада па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ пры Цэнтрвыбаркаме разгледзела факты зняцця з эфіру радыё і тэлебачання запісаў выступаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

«Імпічмент, адстаўка, князь і апрычнікі, крыварукія будаўнікі БелАЭС» – гэтыя і іншыя словы былі падставаю для забароны трансляцыі выступоўцаў. Пра гэта на інтэрнэт-сайце грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» паведаміў старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец, які з’яўляецца чальцом назіральнай рады і прыняў удзел у яе пасяджэнні.

Кіраўніцтва дзяржаўных СМІ ўгледзела ў згаданых выступах таксама распальванне нацыянальнай варожасці і абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Андрэй Бастунец мяркуе, што адмова ў допуску ў эфір выступаў кандыдатаў у дэпутаты – парушэнне выбарчага заканадаўства. «Рэдакцыі СМІ даюць плошчу ці эфірны час для размяшчэння кандыдатамі сваіх праграм. І не маюць права ўмешвацца ў сэнс паведамленняў, акрамя выключных выпадкаў. Большасць прысутных вырашылі, што гэта былі тыя самыя выключныя выпадкі. Я выступаў супраць неапраўдана шырокіх абмежаванняў, якія дэманстравалі кіраўнікі дзяржаўных медыя», – распавёў Андрэй Бастунец.

Так, выступ кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых з Гомеля, у якім гучалі словы пра «імпічмент Лукашэнку», не пусцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь 3».

Тэлерадыёкампанія «Гомель» таксама не пусціла ў эфір тэлеканала «Беларусь 3» перадвыбарчы выступ кандыдата ад Партыі БНФ у Мазырскай выбарчай акрузе актывіста руху «Еўрапейская Беларусь» Міхася Бандарэнкі, які казаў пра «існаванне ў Беларусі дыктатуры і пра неабходнасць Лукашэнку сысці».

Выступленне кандыдаткі ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давідовіч знялі з эфіру тэлеканала «Гродна». Паводле кіраўніка тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалая Мельячэнкі, Ірына Давідовіч «парушыла артыкулы закона пра выбары і былі недапушчальныя рэчы ў яе выступленні, якія датычацца грамадзян Беларусі, будаўнікоў Беларускай АЭС і кіраўніцтва краіны».

Як паведаміў Андрэй Бастунец, журналістаў на пасяджэнне не дапусцілі.