Генадзь Хоміч, фота belarus.by

У судзе Савецкага раёна Мінска працягваецца разгляд пазову старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча да інтэрнэт-сайту «Беларускі партызан» і яго ўладальніцы Святланы Калінкінай.

Чыноўнік патрабуе прызнаць непраўдзівымі апублікаваныя звесткі пра тое, што ён кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення і спагнаць 10 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі. Першапачаткова чыноўнік ацэньваў свае маральныя пакуты ў памеры 50 тысяч рублёў, але пазней знізіў на 40 тысяч.

Паведамленне пра, нібыта, п’янага чыноўніка за рулём першапачаткова было апублікавана на тэлеграм-канале «NEXTA», якое пазней перадрукаваў «Беларускі партызан», а таксама інтэрнэт-рэсурс «21.by» і «Вечерний Бобруйск». Агулам Генадзь Хоміч выставіў журналістам патрабаванне маральнай кампенсацыі ў памеры большым за 200 тысяч рублёў. Пазней чыноўнік знізіў патрабаванні, але не адмовіўся ад судовага разбіральніцтва.

Алег Агееў – адвакат журналісткі Святланы Калінкінай – заявіў у судзе, што і змяншэнне матэрыяльнага патрабавання да 10 тысяч рублёў – неадпаведны памер кампенсацыі маральных пакут чыноўніка, а таксама звярнуў увагу на іх недаказанасць. Разгляд пазову да «Беларускага партызану» суд прадоўжыць 18 кастрычніка.

Таксама 6 кастрычніка ў судзе Бабруйска адбудзецца разгляд пазову да «Вячэрняга Бабруйска», а 12 лістапада да Тэлеграм-канала «NEXTA» і ягонага ўладальніка Сцяпана Святлова ў Мінску. Інтэрнэт-выданне «21.by» абавязалася сплаціць грашовую кампенсацыю і апублікаваць абвяржэнне ў дасудовым парадку.