Фото с сайта palitviazni.info

Паэт Уладзімір Някляеў змясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фэйсбук зварот да сваіх паплечнікаў у ПЭН-Цэнтры. «Да Лявона Баршчэўскага, Алеся Анціпенкі і ўсіх тых, хто ўжо абвесціў пра свой сыход з Беларускага ПЭНа, ці збіраецца гэта зрабіць: прашу вас спыніць (ці прыпыніць) сыход! Куды вы ўсе сыходзіце, як габрэі ў пустэчу? Я разумею, што тым самым выяўляеце вы свае маральныя адносіны да таго, што адбылося на апошняй Радзе ПЭНа. Але адначасова вы робіце якраз тое, чаго чакае ад вас «тусоўка», на што яна вас правакуе… Вы сорак гадоў збіраецеся вакол яе па пустэчы кружыць?»

Гэтак Уладзімір Някляеў пракаментаваў выхад з Пэн-Цэнтра ягонага ганаровага старшыні, былога кіраўніка і цяперашняга сябра Рады Лявона Баршчэўскага, а таксама філосафа Алеся Анціпенкі. Яны выйшлі са складу арганізацыі пасля таго, як Рада Пэн-Цэнтра на сваім апошнім паседжанні 29 кастрычніка паўторна выключыла са складу арганізацыі пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца.

У Радзе Пэн-Цэнтра Лявон Баршчэўскі прабыў некалькі дзён: у склад кіроўнага органа ён быў абраны на з’ездзе ў суботу, 26 кастрычніка.

З’езд 26 кастрычніка таксама аднавіў сяброўства ў Пэн-Цэнтры Паўла Севярынца, які быў выключаны раней за нявыплату ўнёскаў. Аднак 29 кастрычніка Рада Пэн-Цэнтра выключыла Паўла Севярынца паўторна, звінаваціўшы ў «гамафобіі».

На знак пратэсту пра выхад з Пэн-Центра абвесціў таксама Глеб Лабадзенка, якога таксама аднавілі ў складзе арганізацыі на сходзе 26 кастрычніка. Як і Паўла Севярынца, раней яго выключылі за нявыплату ўнёскаў.