Фото: spektr.by

Рада беларускага ПЭН-Цэнтра на пазачарговым паседжанні выключыла з шэрагаў сяброў арганізацыі пісьменніка і грамадска-палітычнага дзеяча Паўла Севярынца.

Гэта адбылося праз два дні пасля з’езду, на якім старшынёй арганізацыі была абраная Святлана Алексіевіч. Нобелеўская лаўрэатка выказала нязгоду з пазіцыяй Паўла Севярынца, але прапанавала адкласці выключэнне на пазнейшы тэрмін. Аднак бальшасцю галасоў чальцоў рады ён быў выключаны падчас паседжання.

Гэтак Рада Пэн-Цэнтра прызнала недапушчальнай пазіцыю Паўла Севярынца адносна прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці, якую назвала гамафобнай. Падставай стаўся адкрыты ліст, які Павел Севярынец апублікаваў напярэдадні з’езду Пэн-Цэнтра. У лісце аўтар выказаўся супраць свайго выключэння з Пэн-Цэнтра, а таксама іншых вядомых пісьменнікаў і заявіў пра недапушчальнасць распаўсюду ідэй ЛГБТ, а таксама прапанаваў ліквідаваць у арганізацыі суполку «культурных марксістаў».

У выніку з’езд аднавіў сяброўства ў арганізацыі згаданых у лісце Сяргея Шапрана і Сямёна Букчына, а таксама самога Паўла Севярынца. Аднак праз два дні выключыў Паўла Севярынца паўторна.

У падтрымку Паўла Севярынца выступілі шэраг беларускіх літаратараў, у тым ліку Уладзімір Някляеў.

Беларускі ПЭН-Цэнтр – грамадская арганізацыя пісьменнікаў, якая была створана ў 1989 годзе і з’яўляецца сябрам Міжнароднага ПЭН-клуба. Сярод заснавальнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтра былі Алесь Адамовіч, Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў.