Курапаты, 29 кастрычніка 2019-га / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

«Ноч расстраляных паэтаў» – жалобная літаратурная акцыя памяці 29 кастрычніка прайшла ў Курапатах – месцы масавай згубы ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў.

Яна была прымеркавана да 82-гадавіны трагічнай ночы, калі 29 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях «амерыканкі» – турмы НКВД у Мінску – за адну ноч былі забітыя больш за 130 чалавек. Галоўным чынам – прадстаўнікоў беларускай літаратуры – маладых пісьменнікаў і паэтаў. Дзень масавага забойства беларускіх літаратараў прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці называюць Днём памяці ўсіх ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Удзел у «Ночы расстраляных паэтаў» бралі беларускія творцы – пісьменнікі, музыкі і паэты, якія чыталі вершы загубленых літаратараў, уласныя літаратурныя творы, выконвалі песні на вершы забітых паэтаў.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў у сваёй прамове, у прыватнасці адзначыў, што ніводны народ не зведаў такой трагічнай падзеі, як «Ноч расстраляных паэтаў». Гэта было наўмыснае знішчэнне лепшых прадстаўнікоў беларускага народа, якое прынесла непапраўную шкоду беларускай літаратуры, гісторыі і ўсёй беларускай нацыі.

«Ноч расстраляных паэтаў» упершыню прайшла ў Курапатах у 80-гадавіну забойства беларускіх літаратараў і гэтым разам адбылася ўжо трэці раз. Яе заснавальнікам стаў грамадска-палітычны актывіст Зміцер Дашкевіч. Паводле Змітра Дашкевіча, да арганізацыі помнай акцыі штогод далучаецца ўсё большая колькасць людзей і «Ноч расстраляных паэтаў» будзе адбывацца штогод.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і рухаў таксама звярталіся да ўладаў краіны, каб 29 кастрычніка быў прызнаны Днём памяці ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі на дзяржаўным узроўні, аднак атрымалі адмову.