Кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Бабруйску Арсенія Чыгіра знялі з далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Акруговая выбарчая камісія адмяніла рэгістрацыю Арсенія Чыгіра за два парушэнні: атрыманне абавязковага адпачынку на два дні пазней за прызначаны законам тэрмін, а таксама за, нібыта, несвоечасовае паведамленне пра адкрыццё рахунку кандыдата.

Ад «Еўрапейскай Беларусі» раней была адменена рэгістрацыя ў Паліны Шарэнды-Панасюк, Аксаны Юшкевіч, Вольгі Мікалайчык, Паўла Юхневіча і Арцёма Чарняка.

Гэтак у Мінску з далейшага ўдзелу ў выбарах зняты 4 апазіцыянеры, 2 у Брэсце і 1 у Бабруйску. У Брэсцкай вобласці зняты таксама 2 прадстаўнікі праўладных палітычных партый.

Добраахвотна ад далейшага ўдзелу ў выбарчай гонцы адмовіўся 21 праўладны кандыдат. Найбольш у Брэсйкай вобласці – 6 чалавек, па 5 у Мінску і Гродзенскай вобласці, 3 у Віцебскай і 2 у Магілёўскай. У Гомельскай і Мінскай абласцях ніводзін з зарэгістраваных кандыдатаў з выбараў не выбыў.

Адзін кандыдат у Віцебску быў наноў зарэгістраваны выбарчай камісіяй і адзін у Мінску — зарэгістраваны рашэннем суда.