Фота: http://president.gov.by

«Рашэнне захаваць традыцыю адзначаць 7 лістапада было слушным», — заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам, паведамляе БелТа. Паводле кіраўніка краіны, захаваўшы свята, Беларусь працягнула традыцыю савецкіх часоў рабіць так званыя падарункі ўлады для народа: «заканчваць будоўлі, уборку ўраджаю, падводзіць вынікі».

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў задаволенасць захаваннем савецкай спадчыны: «Я гэта спыніў адразу. У нас гатовыя былі таксама зносіць помнікі, правесці дэкамунізацыю – я гэта спыніў. І мы ад гэтага выйгралі».

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці аднак заяўляюць адваротнае: падчас брыфінгу «Расстраляная Беларусь», які адбыўся ў Мінску 28 лістапада, навукоўцы, гісторыкі і даследчыкі сталінскага тэрору падкрэслілі, што без пакаяння за злачынствы савецкіх часоў – рэпрэсій супраць мірнага насельніцтва Беларусі, ад якіх пацярпелі ад 600 да 1.400 жыхароў краіны, трагічная гісторыя можа паўтарыцца наноў.

Так, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці ў 2007 годзе звярнуліся да ўладаў Беларусі прызнаць на дзяржаўным узроўні 29 кастрычніка – усебеларускім Днём памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Гэтая дата звязаная з трагічным фактам у гісторыі Беларусі: ноччу 29 кастрычніка 1937 году ў турме НКВД былі забітыя больш за 130 прадстаўнікоў літаратурнай і навуковай грамадскасці Беларусі. Аднак з вышэйшых органаў улады прыйшоў афіцыйны адказ ушаноўваць памяць закатаваных у дзень памяці памерлых на Радаўніцу і Дзяды.

Пры гэтым, дзень памяці продкаў Дзяды з’яўляецца дзяржаўным святам, але працоўным днём. Выходны дзень на свята Дзяды быў адменены праз два гады да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Летась прадстаўнікі Каталіцкага касцёла ў Беларусі сабралі подпісы за тое, каб восеньскія Дзяды ізноў сталі выходным днём, аднак улады таксама адмовіліся задаволіць гэтую просьбу.