Фото с сайта belnovosti.by

Крымінальная справа ўзбуджана за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, у выніку чаго прычынена шкода ў асабліва буйным памеры – больш 40 тысяч долараў. Аб гэтым паведаміла “Газета Слонімская”.

Грошы былі вылучаныя на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Слонімскім раёне. Працы зацягнуліся на чатыры гады. На этапе правядзення пусканаладачных работ былі выяўлены недахопы і парушэнні ў будаўніцтве і запусціць ачышчальныя ўстаноўкі, а тым больш іх эксплуатаваць аказалася немагчыма.

Як высветлілася ў выніку праверкі, кіраўнік РУП сумесна з галоўным інжынерам, прадстаўнікамі падраднай будаўнічай арганізацыі, мясцовай прыродаахоўнай арганізацыі і пажарнага нагляду падпісалі фіктыўны акт аб прыёмцы і ўводзе аб’екта ў эксплуатацыю.

На паперы гэты аб’ект быў дабудаваны і выйшаў на праектную магутнасць, аднак на самой справе з 2012 па 2019 год ачышчальныя збудаванні не функцыянуюць. Падобныя маніпуляцыі дазволілі схаваць факт неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных грошай, якія былі вылучаныя на будаўніцтва. А гэта больш за 40 тысяч долараў.