Фота з сайта pruzhany.net

Беларускі Універсітэт імя Ніла Гілевіча распачынае прэзентацыю новага цыклу праграм «Універсітэты свету», прысвечанаму знаёмству з сістэмай вышэйшай адукацыі ў розных краінах свету.

«Універсітэты свету» – гэта сустрэчы з прафесарамі і выкладчыкамі ВНУ, дэманстрацыя відэафільмаў, прысвечаных сістэме працы еўрапейскіх ВНУ. Як паведамілі «Народнай Волі» ў кіраўніцтве Універсітэту імя Ніла Гілевіча, змест сустрэч умоўна падзяляецца на тры накірункі: сістэма працы ўніверсітэту, умовы працы і навучання выкладчыкаў і студэнтаў.

Першымі праграму прэзентацый распачалі ўніверсітэты Даніі: сустрэчы з прафесарамі Капенгагенскага ўніверсітэту адбыліся ў панядзелак, 28 кастрычніка, і будуць доўжыцца ў розных гарадах Беларусі цягам тыдня.

«Данія – краіна, якая ўдвая меншая за Беларусь, аднак валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў гэтай краіне перавышае беларускі ў пяць разоў. Гэта сведчыць пра добрую арганізацыю і эфектыўную працу дацкай эканамічнай мадэлі, якая ёсць вынікам якаснай адукацыі ў краіне», — кажа прарэктар універсітэту імя Ніла Гілевіча Уладзімір Колас. — Таму Беларусі варта браць лепшае, што ёсць ва ўніверсітэтах Даніі і свету і перадусім – у нашых бліжэйшых еўрапейскіх суседзяў. Акрамя таго, адбываецца станаўленне нашага Беларускага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча і еўрапейскі вопыт будзе вельмі карысны першаму беларускаму ВНУ.

І таксама Беларусь уступіла ў Балонскі працэс, але як ён працуе і што азначае для Беларусі, ведае мала хто. Сустрэчы ў праграме «Універсітэты свету» дазволяць ліквідаваць гэты прабел».

Першая прэзентацыя «Універсітэты свету», прысвечаная ўніверсітэтам Даніі, адбылася ў Баранавічах. Наступным месцам сустрэчы стане горад Мінск, затым Магілёў, Віцебск, а іх завяршэнне адбудзецца ў Гродне. Наступныя сустрэчы будуць прысвечаныя ўніверсітэтам Польшчы і іншых краін.