Пётр Папраўка. Фота http://bchd.info

Карэспандэнт «Народнай Волі» пагутарыў з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Купалаўскай выбарчай акрузе №95, які з’яўляецца актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Пётр Папраўка нарадзіўся ў Мінску. Пасля школы адслужыў у арміі, па сутнасці, атрымаўшы спецыяльнасць метэаролага. Затым вярнуўся дадому, вырашыў паспрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве.

«Тады, у 1990-я, камерцыйныя кіёскі мелі поспех, – рассказвае ён. – Адзін сябра, які з’язджаў на сталае жыхарства ў ЗША, прапанаваў мне свой бізнес – варыянт гандлёва-закупачнай дзейнасці.

Часы былі няпростыя, інтарэс да прадпрымальнікаў мелі і бандыты, і тыя, хто як быццам стаяў на варце закона. Я разумеў, што мне неабходна мець юрыдычную адукацыю, каб было чым адказаць на гэтыя «наезды», таму ў 1999 годзе скончыў Інстытут кіравання».

З часам камерцыйныя кіёскі адышлі ў нябыт, Пётр заняўся працай па асноўнай
спецыяльнасці. Акрамя таго, ён заўсёды быў чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Стаў актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», браў удзел у розных акцыях…

– Чаму вы ўсё-такі вырашылі балатавацца ў Палату прадстаўнікоў?

– У мінулым годзе я ўжо браў удзел у кампаніі па выбарах у Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў, таму пэўны досвед перадвыбарнай агітацыі маю. Я на ўласным вопыце пабачыў, наколькі «актыўнае» ў Беларусі грамадства. Улада пастаянна запалохвае людзей, і ў выніку значная частка народа ў нас ператварылася ў насельніцтва, якое не лічыць неабходным адстойваць свае правы і законныя інтарэсы. Але ўсё, чаго нам варта баяцца, гэта ўласнага страху.

Таму ўдзел у гэтай выбарчай кампаніі – маё свядомае рашэнне. Я бачу, што краінай кіруюць адны і тыя ж людзі, што ёсць пагроза страты незалежнасці і пагроза другога Чарнобыля, бо высновы са старых урокаў не зроблены і мы будуем новую атамную электрастанцыю. Ёсць таксама рызыка, што найбольш прагрэсіўныя людзі будуць масава з’язджаць за мяжу. Пра ўсё гэта трэба расказваць людзям.

– На выбарах у Мінскі гарсавет вам не ўдалося атрымаць дэпутацкі мандат…

– Але ж я ўзнімаў пытанні, якія хвалявалі многіх жыхароў сталіцы! Казаў пра ўшчыльненне забудоў, пра недастатковае азеляненне, пра праблемы, якія звязаны з арганізацыяй дарожнага руху. Складваецца ўражанне, што дваравыя тэрыторыі ці выезды на трасу ў нас першапачаткова планаваліся як пасткі для вадзіцеляў. Наколькі мне вядома, да гэтага часу няма паласы разгону з боку Свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» (з вуліцы Прамысловай) на кальцавую дарогу. Там жа пастаянна аварыі, трагедыі, чалавечае гора, недастатковы функцыянал па дарожна-траспартнай сетцы.

У той жа Германіі дарожны рух арганізаваны такім чынам, што найперш думаюць пра бяспеку вадзіцеляў. Калі гэтага няма, то мясцовага дэпутата ўмомант адправяць туды, адкуль прыйшоў.

А праблема артэзіянскай вады ў сталіцы хіба не актуальная? На розных міжнародных форумах мы распавядаем, які ў нас чысты Мінск, якая экалагічная Беларусь, а якую ваду да гэтага часу п’юць людзі ў некаторых раёнах сталіцы? Адкуль здароўе ў народа пасля гэтага?

Людзі – не дурні, усё разумеюць. Калі чыноўнікі іх не пачуюць, то многія, як ужо казаў, зробяць свой выбар наконт таго, дзе будаваць сваю будучыню: на Бацькаўшчыне альбо ў іншай краіне, дзе ўлада дазваляе абіраць і быць абраным.

Увогуле, улада павінна змяняцца, каб быць адказнай за свае дзеянні і прынятыя рашэнні. Як кажуць, нават у самых прыгожых ботах неабходна змяняць анучы, каб гангрэна не пазбавіла ног разам з ботамі.

Таму хочацца, каб і на нашай вуліцы было свята. Як казаў Жорж Жак Дантон: «Радзіму немагчыма знесці на падэшвах ботаў».

Дарэчы, у арміі я служыў на авіябазе і прымаў прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам…

Поўны тэкст гутаркі Алеся Святланіча з Пятром Папраўка чытайце ў газеце «Народная Воля» за 29 кастрычніка