Іван Міско. Фота https://m.sputnik.by

У майстэрні знакамітага скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско, здаецца, сышліся розныя эпохі: канцлер ВКЛ Леў Сапега прысуседзіўся да касманаўта Пятра Клімука, Ігар Лучанок напявае «Мой родны кут» самому Якубу Коласу, вынаходнік першых у Еўропе ракет Казімір Семяновіч вядзе мірныя гутаркі з купалаўцам Генадзем Аўсяннікавым… І шматлікая сябрына вялікіх беларусаў большае – скульптар працуе штодня. Хоць часам праходзяць цэлыя дзесяцігоддзі, пакуль задума знойдзе сваё ўвасабленне ў бронзе. Як тое нядаўна адбылося з помнікам Льву Сапегу ў Слоніме.

– Іван Якімавіч, найперш віншую вас з перамогай – помнік Сапегу нарэшце стаіць. Калі не памыляюся, яго ставілі гадоў пятнаццаць. Чаму так доўга?

– Каб не Дзень пісьменства ў Слоніме, помніка там і дагэтуль не было б! Я ў гэтым проста перакананы. Колькі за гэтыя 15 гадоў змянілася начальнікаў у Слоніме! Як ганаровы грамадзянін горада, я пастаянна ўзнімаў гэта пытанне. Адкрывалі дабрачынны рахунак – шмат хто абяцаў дапамагчы, але вынік быў амаль нулявы. Пакуль нехта не націснуў патрэбную кнопку, і справа была вырашана за некалькі месяцаў. Праўда, мне з маімі паплечнікамі Уладзімірам Піпіным, Сяргеем Логвінам і Валерыем Мітрафанавым давялося працаваць днём і ноччу, каб паспець да вызначанай даты.

– На адкрыцці помніка вы сказалі, што Леў Сапега не павінен стаяць на плошчы Леніна. Ці прыслухалася да вашых слоў слонімскае начальства?

– Начальства паабяцала разгледзець пытанне. А чым скончыцца – невядома.

– Днямі я адведаў вашага Сапегу. Пастаяў каля помніка хвілін дзесяць, і за гэты час з Сапегам сфатаграфаваліся 12 чалавек, пераважна моладзь. Так што помнік ваш працуе, абуджае гістарычную памяць.

– Так і павінна быць. Мы выбралі самае лепшае месца – там некалі Сталін стаяў. Давялося пазмагацца за вышыню помніка – ён каля пяці метраў. У Слонімскім выканкаме нам адразу запярэчылі: «Сапега ў вас завялікі, у нас помнік Леніну меншы». Мы ўсталявалі макет, супаставілі з навакольнымі будынкамі – ледзьве пераканалі чыноўнікаў. На жаль, у сферы культуры ў нас працуюць людзі, якія поўныя прафаны ў гэтай самай культуры, але любяць дыктаваць сваю волю. Размаўляеш з імі, і ствараецца ўражанне – яны цябе не чуюць і не хочуць чуць! З прадпрымальнікамі і то лягчэй дамовіцца. Пасля адкрыцця помніка на фуршэце я прапанаваў выпускаць у Слоніме гарэлку «Сапегаўка». І да мяне адразу падышоў дырэктар хлебазавода: «А я зраблю хлеб «Сапегаўскі» і на гэтым зараблю».

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Іванам Міско чытайце ў газеце «Народная Воля» за 29 кастрычніка