Святлана Алексіевіч. Фота https://lit-bel.org

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч абрана новым старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтру падчас чарговага з’езду арганізацыі, які адбыўся ў Мінску 26 кастрычніка. Пісменніца падкрэсліла, што пагадзілася прыняць прапанову дзеля карысці арганізацыі.

Намеснікамі Святланы Алексіевіч у ПЭН-Цэнтры бальшынёю галасоў абраныя Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч і Таццяна Нядбай, якая ўзначальвала арганізацыю дагэтуль.

Таксама часткова пераабраная і Рада арганізацыі: чальцамі сталі такія вядомыя літаратары, як Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Дубавец.

Напярэдадні сябра партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец выступіў з рэзкай крытыкай кіраўніцтва ПЭН-Цэнтру і заклікаў з’езд выдаліць з ПЭН-Цэнтру кіраўнічую “групоўку”, звінаваціўшы яе ў “культурным марксізме”, прапагандзе ЛГБТ і пераследаванні хрысціян. Яго падтрымаў Сяргей Шапран і Сямён Букчын, якія былі выключаны з пісменніцкай арганізацыі гэтаксама, як і Павел Севярынец — за няўплату ўнёскаў. Паўла Севярынца падтрымаў таксама Уладзімір Няклеў і Уладзімір Арлоў.

Кіраўнікі арганізацыі, у прыватнасці тагачасная старшыня Таццяна Нядбай, тлумачылі заявы Паўла Севярынца, як часткова непраўдзівыя. У выніку з’езд аднавіў у Пэн-Цэнтры ўсіх траіх, ранней выключаных чальцоў: Паўла Севярынца, Сяргея Шапрана, а таксама Сямёна Букчына.

Беларускі ПЭН-Цэнтр – грамадская арганізацыя пісменнікаў, якая была створана ў 1989 годзе і з’яўляецца сябрам Міжнароднага ПЭН-клубу. Сярод заснавальнікаў Беларускана ПЭН-Цэнтру былі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.