Паліна Шарэнда-Панасюк падчас выступу на БТ. Кадр з відэа

Выступленне на тэлебачанні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Брэста Паліны Шарэнда-Панасюк выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Ролік з прамовай Паліны, а таксама яе тэкст растыражавалі некаторыя СМІ і каналы ў інтэрнэце. Публікацыі ўжо ў першы дзень сабралі тысячы праглядаў і сотні каментарыяў. «Брава!», «Малайчына!» «Нам патрэбны такія дэпутаты!» – пакідалі свае водгукі ў інтэрнэце беларусы.

«Народная Воля» распытала кандыдата ў дэпутаты пра тое, як удалося прарвацца з такой востракрытычнай перадвыбарнай прамовай на дзяржаўны тэлеканал, чаму яна вырашыла ісці на выбары, хаця сама лічыць, што іх «у Беларусі няма з 1994 года», а таксама пра тое, чым яшчэ займаецца, акрамя палітыкі.

– Паліна, шмат каго ўразіла ваша смелае, эмацыянальнае выступленне на канале “Беларусь 3”. Як яно рыхтавалася? Ці была цэнзура перад запісам? Напрыклад, ці прасілі вас прыбраць з перадвыбарнай прамовы слова «дыктатар»?

– Я ўпершыню аказалася на Беларускім тэлебачанні і была ўражана, як кажуць, з парога. Запіс выступлення – а гэта не жывы эфір – праходзіў у Брэсце на тэлерадыёкампаніі “Брэст”. Напэўна, у іншых краінах такі дагляд, які я ўбачыла на ўваходзе на абласное тэлебачанне, ладзяць на сверхсакрэтных ваенных аб’ектах: турнікеты, металашукальнікі, міліцыянер-цэрбер, які падпарадкоўваецца начальству з Мінска. Мяне хіба што толькі не распранулі цалкам – так шчыльна аглядалі! Потым нават супрацоўнікі рэдакцыі, адказныя за запіс, выбачаліся перада мной, казалі: ”Даруйце, нам самім няёмка, што такая прапускная сістэма на тэлебачанні”.

А што тычыцца самога выступлення, тэкст мы пісалі камандай. Часу на яго падрыхтоўку амаль не было. На наступны дзень пасля рэгістрацыі мяне ўжо запрасілі на запіс… У маёй прамове выверана кожнае слова! Я, канешне, трэніравалася напярэдадні запісу – не штодня ж ты выступаеш перад камерай. Але эмацыянальным выступленне атрымалася таму, што кожнае слова, кожная думка ішла ад сэрца. Упэўненасць у сваёй праваце давала мне сілы.

– То бок ніякай цэнзуры не было?

– Літаральна за хвіліну да запісу ў пакой прыбегла нейкая ўзрушаная жанчына (мне падаецца, што яна нават і не прадставілася) з раздрукаваным тэкстам маёй прамовы – і пачала войкаць, што, маўляў, у маім выступленні ўтрымліваюцца непрымальныя выразы, якія немагчыма прапусціць у эфір. Лукашэнку я называю дыктатарам, а гэта, казала яна, абраза: ён – прэзідэнт, а не дыктатар. На гэтую заўвагу я адказала так: “Дыктатар – гэта не абраза, а паліталагічны тэрмін. У любым падручніку па паліталогіі вы знойдзеце гэта слова ў прымяненні да канкрэтнага чалавека, яно сотні разоў ужываецца”.

– Прэтэнзія была знята?

– Мяне папярэдзілі, што БТ здымае з сябе адказнасць за маю прамову. Была абраза ці не, будзе разбірацца выбарчая камісія.

– То бок калі б тэкст прызналі непрымальным, яго проста не пусцілі б у эфір – у тэлевізіёншчыкаў быў на гэта час…

– Напэўна, так. Мажліва, палічылі, што “Беларусь 3” не належыць да папулярных беларускіх каналаў, тым больш што ён не грамадска-палітычны, пазіцыянуе сябе як канал, які адлюстроўвае культурніцкія падзеі ў краіне. Каму прыйдзе ў галаву шукаць на ім выступленні кандыдатаў у дэпутаты?! А калі іх пачуюць тры з паловай чалавекі, то бяды вялікай няма.

– Але ролік з вашым выступленнем шырока разышоўся ў інтэрнэце. Ці не думалі пра тое, што можаце зноў трапіць пад артыкул пра абразу прэзідэнта? Два гады таму вас ужо спрабавалі абвінаваціць у гэтым: тады справа да суда не дайшла…

– Узбудзяць крымінальную справу за слова “дыктатар” – калі ласка. Я палічу гэта прызнаннем рэжымам маіх заслуг…

– Паліна, а хто ваш асноўны канкурэнт на выбарах?

– Нельга казаць пра канкурэнцыю на выбарах у нашай краіне, бо іх папросту няма. Калі б гэта былі сапраўдныя выбары з усімі належнымі атрыбутамі, тады можна было б казаць пра канкурэнцыю. Узяць хаця б выступленні кандыдатаў на тэлебачанні. У цывілізаваных краінах перад выбарамі ўсе эфіры аддадзены кандыдатам: яны выступаюць, даюць інтэрв’ю, спрачаюцца… А ў нас 5 хвілін на агітацыю! Не ведаю, ці ёсць дзесьці ў свеце яшчэ краіны, дзе так здзекаваліся б з выбараў! Хто-небудзь яшчэ дадумаўся пра абразлівыя пяць хвілін на агітацыю?

– А вы самі прапаноўвалі сваім сапернікам дэбаты?

– Канеше, прапанавала! Даслала паведамленне ў выбарчую камісію, што хацела б правесці дэбаты, мне сказалі: “Добра, чакайце, калі з тэлебачання паступіць каманда, вы будзеце запрошаны…”

– Дык хто балатуецца па вашай акрузе? Яны пагадзіліся на дэбаты?

– Ад улад ідзе дзейны дэпутат Леанід Брыч – прадстаўнік канапнай Беларускай патрыятычнай партыі, якога адразу зарэгістравалі і ад партыі, і ад працоўнага калектыву, і праз збор подпісаў. Ён раней працаваў у Брэсце, быў такім класічным сучасным начальнічкам і на мінулых выбарах прайшоў у Палату прадстаўнікоў менавіта па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1. Брыч, дарэчы, таксама запісаўся на дэбаты.

Зарэгістравана па нашай акрузе трэцяя асоба – Уладзімір Курыловіч, ён балатуецца ад яшчэ адной малавядомай партыі, якая ажывае перад выбарамі, – Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Яму не тое што дэбаты не патрэбны, Курыловіч нават адмовіўся выступаць з перадвыбарнай праграмай па тэлебачанні! І гэта кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў! Затое вядомым усяму Брэсту актывістам, праціўнікам
будаўніцтва акумулятарнага завода Віктару Маркоўскаму і блогеру
Аляксандру Кабанаву з розных прычын у рэгістрацыі адмовілі.

– Чаму вас пакінулі, як думаеце?

– Не ведаю… Ці не знайшлі, да чаго дачапіцца, ці проста не было каманды зверху мяне зрэзаць. Мажліва, гэта такая гульня. Некалькіх чалавек, якія супраць будаўніцтва АКБ, але гучна пра гэта не выступаюць і не ўяўляюць небяспекі для ўлад, зарэгістравалі кандыдатамі. Дэмакратыя па-беларуску…

– Вы сабе не супярэчыце? Вы ж актыўны, “гучны” праціўнік будаўніцтва завода – і вы кандыдат.

– Здараюцца выключэнні з правіл…

– Вы казалі пра вашых сапернікаў-кандыдатаў як пра прадстаўнікоў малавядомых партый. Як думаеце, вы ў Брэсце чалавек пазнавальны? Ці многа людзей ведае пра існаванне такой грамадскай кампаніі, як “Еўрапейская Беларусь”?

– Выбарчая кампанія – гэта якраз нагода, каб людзі з ёю пазнаёміліся, даведаліся, што ёсць такая арганізацыя. Акрамя таго, падчас перадвыбарнай агітацыі ёсць магчымасць сустракацца з людзьмі, камунікаваць з рознымі сацыяльнымі пластамі і казаць пра сітуацыю, у якой Беларусь аказалася ў апошнія гады: гэта і Астравецкая АЭС, і дэкрэт аб дармаедах, і небяспечныя дамовы з Расіяй, фактычна – будучы аншлюс… І мы ўжо ладзім пікеты, плануем праводзіць іх кожны дзень.

– Паліна, а які ваш стаж актыўнай палітычнай і грамадскай дзейнасці?

– Амаль 20 гадоў, з канца 1990-х, калі я пачынала яшчэ ў “Маладым фронце”.

– Колькі вам гадоў?

– Я нарадзілася ў 1975 годзе.

– Дзе працуеце? За кошт чаго жывяце? Ваш муж Андрэй Шарэнда таксама грамадскі актывіст, актыўны ўдзельнік розных акцый. Адных толькі штрафаў вы выплацілі за гэтыя гады на суму ў тысячы рублёў. Дарэчы, падлічвалі колькі?

– Мажліва, за ўсе гады некалькі тысяч долараў набярэцца…

Давайце не будзем хітраваць: у нашай краіне людзям, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, выпісаны воўчы білет, на дзяржаўную працу іх фактычна не бяруць… У лепшым выпадку вы можаце працаваць толькі на сябе, але ўлады, калі захочуць, знойдуць, да чаго прычапіцца. Апошняя сітуацыя з Аляксандрам Кабанавым – таму прыклад…

Муж час ад часу шукае падпрацоўкі, ездзіць у Польшчу. Я ў дадзены момант працую рэпетытарам польскай мовы. Гадую двух сыноў: Стаху тры гады, Славаміру – дзесяць… Такі наш выбар паміж грашыма і сумленнем.

– Як вашы бацькі ставяцца да такой пазіцыі? Два апазіцыйныя палітыкі ў адной сям’і – гэта няпроста…

– Падтрымліваюць, дапамагаюць.

– Дарэчы, вы добра ведаеце польскую мову. З’ехаць у Польшчу не думалі?

– Некаторы час я працавала ў Польшчы… Мая пазіцыя такая: трэба імкнуцца да таго, каб варункі працы, якія ёсць у Польшчы, былі і ў Беларусі. Сёння сапраўды адбываецца катастрофа: беларусы эшалонамі з’язджаюць на заробкі за мяжу. Магчыма, у Мінску гэта не так бачна. А ў Брэсце і асабліва ў маленькіх гарадах – гэта вельмі заўважна, там па вуліцах ходзяць толькі жанчыны з дзецьмі і пенсіянеры, амаль адсутнічае цэлы пласт насельніцтва – мужчыны ад 30 да 50. Яны вымушана працуюць за мяжой! Некаторыя потым не вяртаюцца і забіраюць з сабой сем’і – Беларусь пустошыцца. Гэта вельмі трывожна. І мы мусім гэта змяніць!

***

Газета “Народная Воля” № 84 (4439) за 25 кастрычніка

P.S. КАЛІ ВЯРСТАЎСЯ НУМАР, Паліну Шарэнда-Панасюк знялі з выбараў.

Учора такое рашэнне прыняла выбарчая камісія Брэсцкай-Заходняй акругі №1. Паліна кажа, што для яе такая навіна не шок і не сенсацыя, а цалкам прадказальная сітуацыя.

Мне патэлефанавалі і запрасілі на пазачарговае пасяджэнне камісіі, – расказвае Паліна. – Сказалі, што ёсць да мяне пытанні. Я, праўда, не думала, што пытанне будзе ставіцца такім чынам – зняць мяне з выбарчай гонкі. Паколькі на гэты час у мяне была прызначана сустрэча ў брэсцкай абласной газеце наконт друкавання маёй праграмы, на пасяджэнне камісіі пайшла мая давераная асоба Андрэй Шарэнда. І ён прынёс вось такую навіну… Афіцыйную паперу аддадуць 25 кастрычніка.

Падставай для зняцця Паліны Шарэнда-Панасюк з выбараў сталі два рапарты супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста з відэаматэрыяламі, якія паступілі ў акруговую выбарчую камісію. У рапартах сцвярджалася, што падчас пікетаў 21 і 22 кастрычніка каманда Паліны Шарэнда-Панасюк не расказвала пра выбарчую праграму кандыдата, а ладзіла мітынг, “падчас якога гучалі паклёп і абразы ў дачыненні да службовых асоб краіны ўсіх узроўняў, заклікі да выхаду на вуліцу з мэтай змены ўлады, заклікі, якія падахвочваюць да зрыву або адмены прызначаных парламенцкіх выбараў”. Аналагічныя парушэнні, на думку членаў камісіі, адзначаны і ў выступленні Паліны Шарэнда-Панасюк па тэлебачанні. Таксама камісія палічыла, што кандыдат у дэпутаты парушыла патрабаванні да падрыхтоўкі друкаваных агітацыйных матэрыялаў: яны выдаваліся да адкрыцця рахунку выбарчага фонду кандыдата, таксама ўлёткі ўтрымліваюць тыя ж заклікі, якія гучалі падчас правядзення выбарчых пікетаў.

У выніку камісія вырашыла адмяніць сваё папярэдняе рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Паліны Шарэнда-Панасюк. Прагаласавалі члены камісіі аднагалосна.

– Канешне, я буду абскарджваць гэтае рашэнне, наколькі мажліва, мы яшчэ пазмагаемся, – адзначыла ў каментарыі “Народнай Волі” Паліна.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»