Збор подпісаў да кіраўніцтва Беларускай чыгункі распачаўся на інтэрнэт-пляцоўцы «Petition.by» Зручны горад. Аўтары звароту паведамляюць, што ў другой палове лістапада Беларуская чыгунка плануе распачаць рамонтныя работы на чыгуначным участку Мінск-Вільня. З гэтай прычыны будуць адмененыя частка цягнікоў Мінск-Вільня-Мінск.

Як вядома, у другой палове наступнага месяца – 22-24 лістапада – у сталіцы Літоўскай Рэспублікі адбудуцца жалобныя ўрачыстасці з нагоды перапахавання паўстанцаў 1863 году і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага, чые парэшткі былі знойдзены на гары Гедыміна ў 2017 годзе.

Аўтары звароту нагадваюць, што Кастусь Каліноўскі быў найвыбітным лідарам барацьбы за свабоду і незалежнасць Беларусі. Спасылаючыся на выказванне міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, падкрэсліваюць, што пахаванне героя і яго паплечнікаў – важная гістарычная падзея і для Беларусі.

«У пазначаныя дні, па нашых дадзеных, тысячы беларусаў будуць ехаць у Літву і вяртацца назад. Адмена цягнікоў па маршруце Мінск-Вільня-Мінск будзе ствараць дадатковыя нязручнасці патрыётам Беларусі, якія плануюць наведаць сваю старажытную сталіцу», — пішуць аўтары петыцыі і просяць адмяніць запланаваныя работы, а таксама – разгледзець магчымасць арганізаваць дадатковую колькасць цягнікоў па маршруце Мінск-Вільня-Мінск з 21 да 24 лістапада 2019 года.

У прэсавай службе Беларускай чыгункі пра планы на правядзенне рамонтных работ у накірунку Вільні не падцвердзілі, але і не абверглі.