Фота з адкрытых крыніц

Мінскі гарадскі суд прыгаварыў актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку да трох гадоў абмежавання волі альбо “хатняй хіміі”. Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў для абвінавачанага шэсць гадоў турмы строгага рэжыму.

Зміцер Паліенка быў асуджаны паводле ч.3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэкса за асабліва злоснае хуліганства – распыленне газавага балончыка ў твар мужчыне. Падчас судовага паседжання выявілася шмат супярэчнасцяў у заявах пацярпелага і сведкаў. Звінавачаны сваёй віны не прызнаў і заявіў, што дзейнічаў выключна ў мэтах самаабароны.

На пачатку працэсу Зміцер Паліенка намагаўся парэзаць сабе вены ў зале судовага паседжання ў знак пратэсту супраць спробы правесці суд у закрытым рэжыме. У выніку суд быў адкрытым, а пракурор зняў з абвінавачання тры крымінальныя артыкулы: арт.130, арт. 341, арт.369 – за распальванне варожасці і абразу супрацоўнікаў міліцыі.

Сябры і паплечнікі Змітра Паліенкі заяўляюць, што гэткім чынам дэпалітызаваная, ад пачатку сфабрыкаваная справа.

“Суд над Змітром – гэта ціск і гвалт у кожным разе. Ён усё роўна асуджаны паводле артыкула Крымінальнага кодэкса. Аднак ён на волі – вось мы можам да яго дакрануцца і паразмаўляць — гэта важна. Вырак Змітру азначае, што улады Беларусі геапалітычна ўсё ж больш хочуць збліжацца з Еўропай і гэта рэальна ўплывае на свабоду асобна ўзятага чалавека, які патрапіў у фокус шырокай грамадскай увагі. У іншым разе – гэта быў бы новы палітзэк”.

Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка ў падазрэнні ў злосным хуліганстве. Падчас следства яму выставілі дадатковыя абвінавачанні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У 2016 годзе Змітра Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту» у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 года.

Напярэдадні вынясення судовага выраку Змітру Паліенку стала вядома пра затрыманне яшчэ двух актывістаў анархісцкага руху – Мікіты Емельянава і Івана Комара. У іх дамах былі праведзены ператрусы, а самі затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА-1 г. Мінска.

Паводле актывіста Вячаслава Касінерава, новыя затрыманні – гэта працяг рэпрэсій супраць актывістаў анархісцкага руху.

Падчас суду над Змітром Паліенкам таксама быў затрыманы палітычны актывіст Сяргей Спарыш і зараз ён адбывае 15 сутак адміністрацыйнага зняволення.