Ірына Давідовіч. Фота: Радыё Свабода

Кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Давідовіч звернецца ў суд з нагоды таго, што запіс яе выступлення не быў паказаны ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання 23 кастычніка. Як паведамляюць у АГП, прычыны забароны невядомыя і спадзяюцца даведацца іх у судзе.

Ірына Давідовіч у сваім выступе казала пра беспрацоўе, базу «дармаедаў», адмену адтэрміновак ад войска, будаўніцтва АЭС і шэраг іншых праблем. Кандыдатка ў дэпутаты таксама заявіла пра адсутнасць у Беларусі выбараў і, калі яна стане дэпутатам, то будзе галасаваць за імпічмент Аляксандру Лукашэнку. «Я буду выступаць за пачатак працэдуры імпічменту прэзідэнта. Толькі змена ўлады можа прывесці Беларусь да перамен, — заявіла актывістка.

Напярэдадні заблакаванага выступу Ірыны Давідовіч, 22 кастрычніка, з тэлеэфіру таксама быў зняты зварот кандыдата ад АГП Уладзіміра Няпомняшчых, які вылучаецца па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33. У сваім выступе кандыдат у дэпутаты таксама заявіў, што першым пунктам яго праграмы будзе імпічмент Лукашэнкі.