Перачытваю яго кнігі: дзве прыжыццёвыя – “Агмень” і “Пан Лес” – і пасмяротную, выніковую – “Лён”. Перачытваць іх скрушна і радасна. Скрушна, бо відно, як пакутліва высноўвалася ў паэтавай душы гармонія; радасна, бо слова ягонае – заўжды адкрыццё, і ад судакранання з ім душа ажывае. А яшчэ адчуваеш, наколькі свабодалюбным быў аўтар, сваё творчае і жыццёвае крэда сфармуляваўшы коратка і ясна:

У гэтай краіне не маю я дому,
вось воблака – сяду і ў свет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы – я волі хачу.

Менавіта такога крэда прытрымліваўся паэт да апошніх дзён. Большага бяссрэбраніка і ўявіць было складана. Жыў паэт у аднапакаёўцы, жывіўся чым Бог паслаў. Раздаваў сябрам і знаёмым кнігі, рэчы, падараваныя яму мастакамі карціны. З адным толькі партрэтам Багдановіча не разлучаўся. Жартам называў сябе братам Максіма, мог спакойна даць аўтограф на “Вянку” і падпісацца чужым імем.

Увогуле, Анатоль Сыс быў на кароткай назе і з жывымі класікамі. Памятаю, як на нейкім бясконца-нудным пісьменніцкім сходзе ў Доме літаратара ён проста ў прэзідыум прынёс каструлю з баршчом і паставіў перад Максімам Танкам. І народны паэт не абурыўся, не палічыў гэта эпатажам, гульнёй на публіку.

У тым жа Доме літаратара Анатоль у снежні 1995 года даў урок дыпламатыі двум міністрам – беларускаму Уладзіміру Сянько і расійскаму Андрэю Козыраву, які прыехаў у Мінск падштурхнуць працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі. Міністры сядзелі на сцэне і чакалі падтрымкі сваіх палітычных заяў ад творчай інтэлігенцыі. Пісьменнікі кідалі асцярожныя рэплікі з залы, выступіў Генадзь Бураўкін – памяркоўна дыпламатычна, як нядаўні дыпламат. І тут на сцэну падняўся Анатоль Сыс. “Можна я верш прачытаю?” Сянько насцярожыўся, але прадставіў паэта расійскаму калегу.

Анатоль падышоў да мікрафона і з алімпійскім спакоем на твары прачытаў:

У вайну ў партызанскі год
пад крысом шыняля армейскага
бацька з лесу прынёс дзікі мёд,
ледзь уцёк ад мядзведзя расейскага.
З таго часу, як лесам іду,
дык пільнуюся вока зладзейскага,
скурай чую бяду, як ваду,
за спіною – мядзведзя расейскага.
Дасюль пахне яму дзікі мёд.
Годзь арэшнікі нашыя лушчыць!
Адкапаю пайду кулямёт,
каб хадзіць смела ў бацькавай пушчы.

Прачытаў, цырымонна пакланіўся міністрам і сышоў у залу. І тэма расійска-беларускай інтэграцыі неяк сама па сабе вычарпалася, праз пяць хвілін Козыраў пакінуў Дом літаратара. На жаль, беларуская ўлада і тады, і цяпер да сваёй творчай інтэлігенцыі не дужа прыслухоўваецца…

Незабыўнае яшчэ адно выступленне Анатоля Сыса…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 25 кастрычніка