"Прыпынак Адамовіча" ў Глушы

У Глушы Бабруйскага раёна 9 лістапада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё бюста выбітнага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.

Пра гэта паведаміў лідар ініцыятыўнай групы па ўвекавечанні памяці пісьменніка Андрусь Архіпенка, інфармуе «Новы Час».

Грошы на помнік-бюст былі сабраныя з дапамогай краўдфандынга. Збор грошай падтрымалі вядомыя грамадскія дзеячы, у тым ліку, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексеевіч і заснавальнік партала TUT.BY Юры Зіссер.

Эскіз бюста вырабілі скульптары Генік Лойка і Яўген Білей. Ён быў прадстаўлены ў кастрычніку мінулага года на адкрыцці ў Глушы арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча». Дарэчы, гэты прыпынак на сёння — адзіная рэч у памяць Алеся Адамовіча на яго малой Радзіме. Да гэтага часу там няма нават адпаведнай памятнай шыльды. У Глушы плануецца таксама адкрыццё музея, прысвечанага жыццю і дзейнасці пісьменніка.

На адкрыццё помніка-бюста запрашаюцца ўсе жадаючыя. Будуць арагнізаваныя аўтобусы з Мінска і Бабруйска, піша ў фэйсбуку актывіст Андрусь Архіпенка.