Фота з адкрытых крыніц

Падрыхтоўчыя курсы ў новым навучальным годзе з 19 кастрычніка распачаў беларускі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча». Заняткі праводзяцца па беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах, а таксама па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі і гісторыі Беларусі.

Навучанне праводзяць выкладчыкі Універсітэту – кандыдаты навук, прафесары і выкладаюць свае прадметы на беларускай мове, паведамілі «Народнай Волі» ў кіраўніцтве ВНУ.

Заняткі разлічаны на слухачоў розных узростаў: старшакласнікаў – для падрыхтоўкі да цэнтральнага тэставання, школьнікаў сярэдніх класаў, студэнтаў і людзей дарослых, якія жадаюць палепшыць свае веды ў гуманітарных і дакладных навуках. Курсы праходзяць тройчы на тыдзень: па суботах, нядзелях і панядзелках у памяшканні Таварыства беларускай мовы на вуліцы Румянцава, 13 у Мінску.

Беларускі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча» – прыватная вышэйшая навучальная ўстанова, якая атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў сакавіку мінулага года. У ліпені 2019 года кіраўніцтва ВНУ перадало ў Міністэрства адукацыі пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі на выкладчыцкую дзейнасць.

Універсітэт плануе рыхтаваць спецыялістаў, якіх не навучаюць у дзяржаўных навучальных установах і якіх бракуе ў Беларусі: у галіне міжнароднага краязнаўства, гісторыка-культурнай спадчыны, сучаснай электроннай журналістыкі, літаратурнага пісьменства, урбаністыкі, IT-тэхналогій і бізнес-менэджменту.

«Дзеля таго, каб універсітэт працаваў у Беларусі і дзеля Беларусі, супольнымі намаганнямі гэта праца будзе зроблена», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Заснавальнікі спадзяюцца распачаць набор першых студэнтаў у ВНУ ўжо ў наступным годзе.