Фота: Інга Шкелер, TUT.BY

Павысіць кошт праезду гарадскім грамадскім транспартам прапаноўвае Міністэрства транспарту. Гэтую магчымасць абмяркоўваюць зараз зацікаўленыя ўрадавыя ўстановы, паведамляе tut.by. У выніку станоўчага рашэння, праезд у некаторых рэгіёнах Беларусі ўзрасце адразу на 10 капеек.

Пра тэрміны ўвядзення новых тарыфаў не паведамляецца, аднак вядома, што ўлады плануюць яшчэ да 2020 года кампенсаваць затраты гарадскога аўтатранспарту за кошт насельніцтва не менш, як на 80%. На пачатку году памер гэтай кампенсацыі склаў 70%.

У апошні раз кошт праезду ў гарадскім грамадскім і прыгарадным транспарце ў рэгіёнах уздымалі ў канцы 2018 года на 5 капеек. Тады талончык на адну паездку падаражэў да 55 капеек, а пры набыцці ў кіроўцы – да 60 капеек.

У Мінску апошні раз тарыф падвышалі 1 лістапада 2017 года – на 5 капеек, кошт аднаразовай паездкі ўзрос да 60 капеек.