Фото с сайта Pana-defenders.info

Камітэт ААН па правах чалавека падчас 126-восеньскай сесіі прыняў шэсць новых рашэнняў па скаргах грамадзян Беларусі.

Галоўны рэдактар недзяржаўнага выдання «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас звярнуўся ў ААН з нагоды адмовы Вярхоўнага суда Беларусі разглядаць ягоную скаргу на дзеянні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, якая адмяніла ягоную рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе.

Камітэт ААН прызнаў факт парушэння права аўтара заявы на справядлівае судовае разбіральніцтва. У сваім рашэнні эксперты ААН падкрэсліваюць, што Беларусь, як суб’ект Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязана забяспечыць грамадзянам краіны эфектыўныя сродкі прававой абароны, чые правы былі парушаныя паводле ўмоваў пакту.

Зараз Беларусь абавязана кампенсаваць Анатолю Букасу парушэнне ягоных правоў, не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні і паведаміць у Камітэт пра выкананне рашэння ААН, паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна».

«Гэта ўнікальны факт, паколькі ўпершыню разгледжана нацыянальная праблема аб непадведамаснасці грамадзянскіх скаргаў і пазоваў агульным судам», — пракаментаваў рашэнне ААН кіраўнік гомельскага Цэнтра стратэгічных спрэчак Леанід Судаленка.

Акрамя таго, на міжнародным узроўні прынятыя рашэнні на дзеянні ўраду Беларусі паводле зваротаў яшчэ пяці заяўнікаў. Абскарджаныя факты парушэння правоў на жыццё, на жыццё без катаванняў, без знявагі гонару і годнасці, на справядлівае судовае разбіральніцтва, мірныя сходы і выказванне меркаванняў.

Паводле пяці зваротаў грамадзян Беларусі Камітэт ААН прыняў станоўчае рашэнне, яшчэ адна заява пакінутая без разгляду з прычыны «страты кантактаў з заяўнікам».