Міхась Скобла

“Што не зроблена рускім штыком – даробіць руская школа”, – гаварыў генерал губернатар Міхаіл Мураўёў, чыя жорсткасць падчас задушэння паўстання 1863 года збянтэжыла нават частку палітычнай эліты Расіі, стаўленне якой да паўстанцаў рэдка бывала міласэрным. Штыкам тады работы хапіла, і доўга яшчэ ўся расійская палітыка на беларускіх землях трымалася на тых самых штыках.

Тое цынічнае выслоўе начальніка Северо-Западного края прыгадваецца мне ўсё часцей. І не над старонкамі гістарычных кніг пра Кастуся Каліноўскага, які прыняў смерць у “мураўёўскім гальштуку” (так у той час сталі называць пятлю шыбеніцы), а пасля літаратурных выступленняў у школах. Расказваеш пра нешта школьнікам, чытаеш ім вершы, і раптам па іхніх вачах (дзіцячыя вочы – люстэрка яшчэ тое!) бачыш, што яны з цяжкасцю разумеюць беларускую мову, успрымаюць яе як замежную. Некалькі разоў я нават правёў адмысловыя апытанні, і аказалася, што сучасныя вучні ў лепшым выпадку разумеюць толькі палову пачутых беларускіх слоў. Палову! Зразумела, што і адэкватна ўспрымаць атрыманую на малаўцямнай мове інфармацыю яны не ў стане.

З гэтага вынікае, што школа наша перастала быць нацыянальнай па сутнасці. Прыкрываючыся фігавай шыльдай двухмоўя, яна становіцца гадавальнікам русского мира і гатовая “дарабляць недаробленае” мураўёўскімі штыкамі і шыбеніцамі 150 гадоў таму. А кажучы папросту – вытрасаць з беларусаў іх душу – мову, ператвараючы іх у носителей русского языка, статус якіх нядаўна замацаваны спецыяльнай пастановай Крамля.

Такой небяспечнай і ганебнай сітуацыі з мовай у школах Беларусі яшчэ не было. Нават акупацыйныя рэжымы (польскі і нямецкі) ставіліся да беларускай школы з большай увагай, чым сённяшняя ўлада. Прыклады? Калі ласка…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 22 кастрычніка