Фота: БЕЛТА

«Замест пасу добрасуседства, які мы прапаноўваем, вымалёўваецца дуга нестабільнасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстасці з нагоды 25-годдзя службы бяспекі прэзідэнта. Імпрэза адбылася ў Палацы незалежнасці 22 кастрычніка, паведамляе БелТА.

Паводле кіраўніка краіны, не па днях, а па гадзінах у свеце расце напружанасць і напальваецца сітуацыя блізу межаў Беларусі. «У выпадку, не дай Бог, агрэсіі супраць нашай дзяржавы, усе мы – ваяры элітнага падраздзялення. І наша задача – быць наперадзе ўсіх падраздзяленняў, каб абараніць краіну, бацькаўшчыну і грамадзян».

«Выконваючы свой прафесійны абавязак на высокім узроўні, па факце вы забяспечваеце нацыянальную бяспеку Беларусі і, як бы пафасна гэта ні гучала, з’яўляецеся апорай міру і стабільнасці ў нашым грамадстве», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Супрацоўнікам службы бяспекі прэзідэнта ён таксама нагадаў: «Памятайце, што ў вас павінны заўсёды быць чыстыя рукі, светлыя, чыстыя твар і вочы».