Фото из открытых источников

У кампаніі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў распачаўся перыяд перадвыбарчай агітацыі: з суботы праходзяць запісы выступаў кандыдатаў, а з 21 кастрычніка і да 6 лістапада іх будуць трансліраваць дзяржаўныя радыё і тэлебачанне.

Так, кандыдаты з Мінску і пяці абласцей выступяць на тэлеканале «Беларусь-3», а з Мінскай вобласці – на «СТВ». Кожны прадоўжыцца 5 хвілін і будзе трансліравацца ў самы прывабны для прагляду час – з 19.00 да 20.40.

Аднак прамовы ў электронных СМІ сталі магчымымі не ўсім удзельнікам перадвыбарчай гонкі: як паведаміла прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, два кандыдаты ад АГП страцілі такую магчымасць. «Адразу па жараб’ёўцы, увечары 18 кастрычніка, дваім нашым сябрам – у Бабруйску і Дуброўна – неабходна было ранкам 19 кастрычніка з’явіцца ў абласныя цэнтры на запісы – гэта Віцебск і Магілёў. Натуральна, што зрабіць гэта было нельга нават фізічна, не кажучы пра тое, што ад рэгістрацыі і выдачы пасведчання да запісу было некалькі гадзін», — паведаміла «Народнай Волі» Ганна Красуліна.

Дзеючым кандыдатам прапанавана таксама скарыстацца магчымасцю звярнуцца да сваіх выбаршчыкаў і праз радыё. Радыёвыступленні сталічных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат можна будзе пачуць на «Радыё Мінск», абласных кандыдатаў – на «Мінскай хвалі». Кандыдатам з рэгіёнаў эфірны час выдзяляць мясцовыя тэлерадыёкампаніі.

Аднак гэтай магчымасцю таксама скарыстаюцца не ўсе: так, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў адмовіўся ад радыёвыступлення. «Гэта безсэнсоўны занятак, упэўнены, што мае выбаршчыкі зусім не «фанаты» «Радыё Мінск», — патлумачыў палітык сваю пазіцыю.

Свае звароты патэнцыйныя дэпутаты могуць таксама апублікаваць у газетах «Звязда», «Рэспубліка», а таксама ў іншых рэгіянальных абласных, гарадскіх і раённых выданнях.

Удзельнікі выбарчай кампаніі зараз паведамляюць мясцовым адміністрацыям калі і дзе яны будуць праводзіць перадвыбарчыя агітацыйныя пікеты. Сярод першых агітацыйнае пікетаванне распачынае партыя Беларуская Хрысціянская дэмакратыя: заўтра такі пікет будзе стаяць каля мінскай Камароўкі, а ўжо сёння першы пікет БХД правядзе ў Гродне.