Уладзімір Макей у Берліне / twitter.com/belarusmid

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей знаходзіцца з працоўным візітам у Германіі. Як інфармуе ў Twitter прэс-служба МЗС нашай краіны, у яго «насычаная двухдзённая праграма важных сустрэч і мерапрыемстваў у Берліне». Візіт працягнецца да 22 кастрычніка. Падрабязнасці яго праграмы пакуль невядомыя.

Тым часам стала вядома пра планы Аляксандра Лукашэнкі наведаць Казахстан. Афіцыйны візіт запланаваны на 24-25 кастрычніка. Адбудзецца сустрэча Лукашэнкі ў Нур-Султане з прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Гаворка пойдзе і пра двухбаковыя дачыненні краін, і пра «супрацоўніцтва ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў і на міжнародных пляцоўках». У Нур-Султане пройдзе казахстанска-беларускі бізнес-форум, адкрыецца новы комплекс будынкаў беларускай дыпламатычнай місіі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.