Жульет Бінош. Фота: https://celebmafia.com

Праз тры дні, 21 кастрычніка, адкрыецца продаж квіткоў на 26-ы Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» – праз інтэрнэт і ў касе кінатэатра «Масква». Квіткі, заўважу, як заўсёды, недарагія – у сярэднім па 4–6 рублёў за сеанс, акрамя ўрачыстых кінапаказаў на адкрыцці і закрыцці фестывалю – каб трапіць туды, прыйдзецца выкласці сумленна заробленую дваццатку. Але гэта і зразумела.

Кінафэст у гэтым годзе стартуе ў Мінску 1 лістапада. Чамусьці да гэтага часу трымаецца ў сакрэце фільм, які пакажуць на адкрыцці форуму, – а гэта, як правіла, адна з лепшых карцін года. Не абвяшчаецца і імя старшыні журы асноўнага ігравога конкурсу. Звычайна гэта кінаперсона еўрапейскага ўзроўню, якая цудоўна ўпрыгожвае фестывальную атмасферу. Падазраю, што ў арганізатараў не ўсё складваецца так, як хацелася б.

Міжволі пацвердзіў мае здагадкі праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў, які
сказаў, што, безумоўна, хацелася б запрасіць, напрыклад, Жульет Бінош. Але, на яго думку, за гэтыя грошы ўсё ж такі лепш прывезці 20 невялікіх творчых груп з розных краін з іх экзатычнымі або незвычайнымі фільмамі. Таму што бюджэт фестывалю невялікі – усяго 450 тысяч долараў. Не варта ахаць – кінафестываль у Карлавых Варах, напрыклад, каштуе 2,5 мільёна еўра.

Тым не менш у «Лiстападзе-2019» возьмуць удзел 154 карціны з 50 краін – гэта калі лічыць паказы ва ўсіх секцыях, у тым ліку ўсю шырокую пазаконкурсную праграму, на якой упершыню ў гэтым годзе пакажуць нават фільмы з Судана і Сенегала.

Але нас, вядома, у першую чаргу цікавіць конкурс ігравога кіно – там будзе дэманстравацца толькі 12 карцін. Столькі ж стужак будзе прадстаўлена ў другім па значнасці конкурсе – «Маладосць на маршы», які збярэ самыя цікавыя дэбютныя працы рэжысёраў.

Несумненна, за апошнія два гады моцна вырас, набраў ачкоў і Нацыянальны конкурс, які праводзіцца ў рамках «Лістапада». Вось тут імя старшыні журы не проста вядома – гэтага творцу вельмі любяць у нашай краіне. Гэта вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. Сёлета на конкурс даслалі свае заяўкі 83 беларускія аўтары. Адабраны былі 19 карцін – дакументальнае кіно, анімацыя, пазаконкурсная праграма. Плюс пяць карцін для конкурсу ігравога кіно. Разам – усяго 24 стужкі. І ніякіх скандалаў, дэмаршаў і гутарак пра цэнзуру. Перш за ўсё таму, што ёсць цэнзура мастацкага густу і высокага прафесіяналізму з боку праграмных дырэктараў фестывалю. Мастацтва – гэта іерархія, адбор, строгія крытэрыі. А калі валіць усё ў кучу, то навошта тады наогул патрэбны якой бы там ні было конкурс? Ну і, акрамя ўсяго іншага, у Міністэрства культуры прыйшла новая каманда чыноўнікаў, якія адказваюць за кіно. І нават фільм Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса» (Беларусь–Украіна), які быў зняты з мінулага «Лістапада», у гэтым годзе спакойна ўдзельнічае ў конкурсе дакументальных стужак Нацыянальнага конкурсу.

Калі казаць пра ігравое кіно, то ў праграму Нацыянальнага конкурсу ўвайшлі новыя стужкі рэжысёраў – пераможцаў «Лістапада» мінулых гадоў. Мікіта Лаўрэцкі прадставіць фільм «Сашына пекла». Трэба заўважыць, што стужка ўдзельнічала як пазаконкурсная на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, які прайшоў вясной, і ў цэлым была прынята пазітыўна. Рэжысёры Юлія Шатун і Мікіта Аляксандраў пакажуць сваю новую працу «Апошні дзень гэтага лета». Калі ўлічыць, што для маладога рэжысёра другі фільм нават важней, чым першы (які можа быць проста выпадковай удачай), то зразумела, з якім унутраным хваляваннем рэжысёры чакаюць вердыкту гледачоў і крытыкаў.

І як рэмарка. У праграме ігравога кіно Нацыянальнага конкурсу ёсць карціна «1986» нямецкага рэжысёра Лотара Херцага. Чаму яна трапіла ў гэты спіс? Каардынатар праграмы Мікалай Лаўранюк адказаў так: «Нягледзячы на тое, што гэту карціну зняў нямецкі рэжысёр, мы вырашылі ўключыць яе ў Нацыянальны конкурс, таму што яна цалкам знята ў Беларусі, цалкам унікальная па духу і прысвечана чарнобыльскай трагедыі».