Фота: spring96.org

Анархіст і палітвязень Зміцер Паліенка змешчаны ў ШЫЗА і пастаўлены на прафілактычны ўлік – пра гэта ён паведаміў сваім сябрам-анархістам падчас другога дня судовага працэсу, які праходзіць у Мінскім гарадскім судзе.

“Канвой не дазваляе яму размаўляць, але ён паспеў нам сказаць, што ён у ШЫЗА і яго прэсуюць”, —  паведаміў «Народнай Волі» адзін з актывістаў анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Змяшчэннем у штрафны ізалятар Зміцер Паліенка быў пакараны за спробу парэзаць вены ў зале судовага паседжання на знак пратэсту супраць спробы правесці суд у закрытым рэжыме. У выніку суддзя распарадзіўся правесці адкрыты працэс, а пракурор адмовіўся выстаўляць абвінавачанне ў поўным аб’ёме і скасаваў адразу тры крымінальныя артыкулы: арт.130 – за распальванне варожасці да міліцыянтаў; арт. 341 – за графіці «Мянты забіваюць людзей» і за графіці ў Курапатах; арт.369 – за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. У выніку Змітра судзяць паводле аднаго артыкула 339 – за хуліганства, якое выявілася ў распыленні газавага балончыку. Вячаслаў Касінераў перакананы, што так было зроблена адмыслова, каб судзіць Змітра не як палітычнага актывіста за пратэст супраць дзейнай улады, а як пабытовага хулігана.

Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка ў падазрэнні нібыта у злосным хуліганстве. Падчас следства яму выставілі абвінавачанне паводле адразу трох крымінальных артыкулаў. Суд меў распачацца 25 верасня, але быў адкладзены нібыта з-за хваробы суддзі. Але анархісты перакананыя, што гэта было зроблена адмыслова, каб не распачынаць рэзанансны працэс падчас “Мінскага дыялогу”, калі актывісты анархісцкага руху правялі акцыю за вызваленне палітвязняў і супраць беларускай АЭС.

Зміцер Паліенка: “Я ў ШЫЗА і мяне прэсуюць”
Анархісты зладзілі акцыю ў Мінску паблізу гатэля «Marriott», дзе адбываўся форум «Мінскі дыялог». Фота: Арцём Лява. Belsat.eu

Вячаслаў Касінераў перакананы, што судовы працэс над Змітром Паліенкам – гэта акцыя расправы над чалавекам, які мае цвёрдую пазіцыю, і акцыя запалохвання ўсіх іншых ўдзельнікаў анархісцкага руху ў Беларусі.

“На нашых сяброў заведзены яшчэ дзве крымінальныя справы і гэта, безумоўна, запалохванне, бо анархістаў нельга зламаць ці “дамовіцца” з імі. Я ўпэўнены, што лёс Змітра Паліенкі залежыць ад усіх нас: ён адсядзеў паўгода, а наша сістэма не ведае зваротных шляхоў, таму які тэрмін атрымае Зміцер, залежыць ад нашай салідарнасці, ад таго колькі людзей прыйдзе ў суд, каб яго падтрымаць, наколькі рэзананснай будзе гэты працэс».

Падчас другога дня суда быў затрыманы палітычны актывіст Сяргей Спарыш за нібыта фатаграфаванне суддзі. Ён быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Як паведаміў Вячаслаў Касінераў, зараз анархісты шукаюць магчымасць перадаць яму прадукты харчавання і неабходныя рэчы. “Ён прыйшоў у суд падтрымаць нашага паплечніка-анархіста і быў затрыманы. То гэта зараз наш паплечнік і мы абавязаны яму нашай салідарнай падтрымкай”, — падкрэсліў Вячаслаў Касінераў.