Міхась Скобла

У прафесара мовазнаўства Івана Лепешава была адна таямніца, пра якую ён нікому не расказваў. Пра яе не ведалі нават бліжэйшыя сябры і калегі-навукоўцы з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе Іван Якаўлевіч адпрацаваў больш за сорак гадоў. Таямніца тая хавалася пад кароткай абрэвіятурай ГУЛаг. Калі верыць даведніку Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя настаўнікі Беларусі» (2007), будучы навуковец трапіў у савецкі лагер у 1949 годзе.

Памятаю, пабачыўшы там персаналію «Іван Лепешаў», я ажно засумняваўся – а ці гродзенскі мовазнавец маецца на ўвазе? Бо неяк не спалучаліся яны – паспяховы доктар філалогіі, аўтар шматлікіх кніг і слоўнікаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам і медалямі, і ГУЛаг. Да таго ж біяграфічная нататка пра Лепешава, асуджанага ў 1949- м і рэабілітаванага ў 1963-м, заканчвалася няпэўна – «далейшы лёс невядомы». Так нібыта і пазначана ў асабовай справе №8034п, што зберагаецца ў архіве КДБ па Гродзенскай вобласці.

Справа ляжала на паліцы, а былы гулагавец з «невядомым лёсам» штодня хадзіў міма таго архіва на працу.

Аднойчы я паказаў Івану Якаўлевічу тую таямнічую персаналію. Ён неяк насцярожана на мяне зірнуў і адказаў, як і належала знаўцу фразеалогіі, устойлівым выразам: «Бач, нават яны ў трох соснах заблукалі». І было незразумела, хто заблукаў – Леанід Маракоў ці КДБ, які «згубіў» свайго падапечнага ў сценах ГрДУ…

Усіх, хто ведаў Івана Лепешава, уражвала яго працаздольнасць. За свае пражытыя амаль 90 гадоў ён толькі 42 дні (!) паспеў пабыць пенсіянерам. Больш за паўстагоддзя Іван Якаўлевіч учытваўся ў мову, прасейваў «адзінага слова дзеля тысячы тонаў слоўнай руды». І пачутае, вычытанае, прасеянае – занатоўваў, кампанаваў у слоўнікі фразеалагізмаў. У сваёй гродзенскай кватэры з гонарам паказваў мне рукапісную картатэку на 100.000 картак (камп’ютар прафесар так і не засвоіў). Мабыць, не было такога пісьменніка, у якога ён не адшукаў бы крылатых выразаў.

7000 фразеалагізмаў зафіксавана і растлумачана прафесарам Лепешавым. Тут яму роўні не было.

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 18 кастрычніка