Фото: БЕЛТА

148 чалавек вылучаны, 119 зарэгістраваны, 29 атрымалі адмовы – пра такі вынік удзелу ў першай палове выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў паведамілі актывісты кампаніі “Права выбару”. У яе ўваходзяць восем палітычных партый і рухаў.

Адмову ў рэгістрацыі атрымалі актывісты і лідары партый – руху “За Свабоду” Юры Губарэвіч, БСДП (Грамада) Аляксей Сігаеў, партыі БНФ Генадзь Вінярскі і іншыя.
Прадстаўнікі кампаніі “Права выбару” ахарактарызавалі ход кампаніі, як больш жорсткі, чым выбары папярэдніх гадоў. Так, у акруговыя і выбарчыя камісіі была ўключана найменьшая колькасьць апазіцыянераў за ўсе папярэднія гады. Актывісты ў рэгіёнах зведалі ціск улад на працоўных месцах і па месцы жыхарства падчас вылучэння кандыдатамі.

Так, актывіст партыі БНФ у Гомелі Васіль Раманаў быў звольнены пасля шматгадовай працы лекарам. Актывісты партыі БСДП (Грамада) былі змушаны адмовіцца ад ўдзелу з прычыны ціску ўлад у іншых рэгіёнах.

Сябры кампаніі “Права выбару” заяўляюць, што гэтыя факты сведчаць пра нежаданне ўлад лібералізаваць электаральную кампанію і выбарчае заканадаўства, якога патрабуюць беларускія апазіцыянеры і міжнародныя арганізацыі. Таксама адмова ў рэгістрацыі двух дэпутатаў – прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у Палаце прадстаўнікоў дзейнага склікання Алене Анісім і Ганне Канапацкай – жаданне зменшыць іх аўтарытэт на палітычным полі і ў грамадстве. Апазіцыйныя палітыкі прагназуюць папярэджанні і іншыя формы ціску і ў другой палове кампаніі — падчас агітацыі, датэрміновага галасавання і падліку галасоў.

Як заўважаюць апазіцыянеры, зараз уключаць у Палату прадстаўнікоў кагосці з апазіцыйных кандыдатаў у беларускіх улад няма патрэбы з той прычыны, што зараз наладжваюцца стасункі афіцыйнага Мінска з Еўрасаюзам і ЗША.

Але “кансервацыя” і “адкат назад” Беларусі таксама нявыгадны, таму, як падкрэсліў сябра АГП Леанід Марголін, у Палаце будуць тыя ж “два дэпутаты ад апазіцыі”, толькі з іншымі імёнамі.