Фата: president.gov.by

“Мяняць месца працы, а іншы раз і прапіску, выходзіць з зоны камфорту неабходна, каб развівацца, пашыраць кругагляд, адкрываць у сабе новыя грані і магчымасці. Гэткім чынам, спецыяліст ня толькі вырасце прафесійна, але і прынясе больш карысці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Акадэміі ўпраўлення пры прэзідэнце 18 кастрычніка.

Паводле кіраўніка краіны, сучасны ўпраўленец абавязаны ўмець кантактаваць з журналістамі, а таксама эфектыўна выкарыстоўваць у сваёй працы інтэрнэт-рэсурсы, аналізаваць грамадзкую думку і аналізаваць рэакцыю на дзейнасць мясцовага кіравання ў сацыяльных сетках, на навасных рэсурсах і выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў дзяржаўных мэтах.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што сёлета 25-годдзе адзначаюць многія дзяржаўныя органы, якія былі сфармаваныя “на золку станаўлення незалежнай Беларусі”: “За чвэрць стагоддзя мы сфармавалі ўстойлівую мадэль кіравання, устойлівую ў сваіх базавых арыентырах. Яны простыя і зразумелыя кожнаму: суверэнітэт нашай краіны, дабрабыт грамадзян, справядлівыя адносіны да людзей, адзінства грамадзтва”.

Сёлета таксама споўнілася 25 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка нязменна займае пасаду прэзідэнта Беларусі.