Фота: euroby.info

У Беларусі зацверджана палажэнне аб парадку наведвання грамадзянамі бязвізавай тэрыторыі «Брэст – Гродна», а таксама тэрыторый раёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія не з’яўляюцца часткай гэтай тэрыторыі.

Пра гэта паведамляецца ў пастанове Саўміна, апублікаванай на сайце ўрада.

Згодна з дакументам, у турыстычных мэтах на тэрмін да 15 сутак індывідуальным турыстам дазволена наведваць толькі бязвізавую тэрыторыю «Брэст – Гродна». Пры групавым наведванні падчас руху па маршруце турыстычнага падарожжа дазвол распаўсюджваецца таксама і на тэрыторыі іншых раёнаў абласцей.

Раней існуючыя асобна дзве бязвізавыя зоны Брэста і Гродна аб’ядналі ў адну ўказам кіраўніка дзяржавы. У яе ўключылі яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі, а таксама далі права ўезду праз два пункты пропуску: «Беняконі» і «Бераставіца».

Згодна з указам, тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічаны да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў.

Пастанова ўступае ў сілу з 10 лістапада.