Украінскі салдат на Данбасе

Трохбаковая кантактная група ў Мінску не змагла ўзгадніць новы графік развядзення сіл у Пятроўскім і Залатым. Пра гэта распавёў журналістам спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік, перадае Еўрарадыё.

“Графік абмяркоўвалі, але да кансэнсусу бакі не дайшлі”, — сказаў ён па выніках перамоваў.

Міністр замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка раней заявіў, што развядзенне сіл мусіць пачацца пасля сямідзённага перыяду цішыні. Але на гэты момант у Залатым другія суткі запар адбываюцца перастрэлкі.

Дарка Аліфер, прэс-сакратарка Леаніда Кучмы, які прадстаўляе ў кантактнай групе Украіну, заявіла, што насуперак Мінскім дамоўленасцям незаконныя ўзброеныя фарміраванні так званых “ДНР” і “ЛНР” працягваюць “сістэматычна парушаць рэжым цішыні ўздоўж усёй лініі судотыку, у тым ліку і ў раёне мястэчка Залатое, і мястэчка Пятроўскае, дзе мусіць адбыцца развядзенне сіл”. Украінскі бок на перамовах запатрабаваў дэмілітарызаваць населеныя пункты Кальміускае, Новавазоўск, Саханку і Кумачова, адкуль мусяць быць адведзеныя цяжкае ўзбраенне і тэхніка.

Украінскі бок настойвае на роспуску “квазіўтварэнняў “Л/ДНР”, поўным спыненні агню, забеспячэнні эфектыўнага маніторынгу з боку АБСЕ на ўсёй тэрыторыі Украіны». Асабліва падкрэсліваецца, што на Данбасе мусіць быць забяспечаная праца Цэнтрвыбаркама Украіны, украінскіх палітычных партый, СМІ і замежных назіральнікаў.