Фото: Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага намесніка Міністра ўнутраных спраў, камандзіра ўнутраных войскаў. Як паведаміла прэсавая служба прэзідэнта, ім стаў Юрый Назарэнка. Папярэднікам Юрыя Назарэнкі на гэтай пасадзе быў цяперашні Міністр унутраных спраў Юрый Караеў.

Прызначаючы Юрыя Назарэнку новым кіраўніком унутраных войскаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “Вам патрэбна будзе забяспечыць парадак у краіне. Пры патрэбе, задзейнічаць нашыя ўнутраныя войскі. Гэтая вашая прэрэгатыва, гэтым вы адрозніваецеся і будзеце адрознівацца ад іншых – вам трэба забяспечыць парадак унутры краіны. Ня дай Бог, што мы, людзі у пагонах, усе пойдзем на фронт, калі пагроза будзе знешняя”.

Заявы кіраўніка краіны пра пагрозы ўнутранаму парадку ў Беларусі «Народнай Волі» каментуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

“Такі парадокс у свядомасці беларускіх уладаў: з аднаго боку яны заяўляюць, што ў нас выспа стабільнсці, а з іншага – увесь час гучыць гэты аларнізм і трывога. Нават самі выбары Лукашэнка называе палітычнай “вакханаліяй”, хоць яны пад каўпаком уладаў і цалкам кіраваныя. Гэта такія “экзістанцыяльныя” фобіі недэмакратычнага рэжыму. Заўсёды ў кіроўных вярхоў ёсць засцярога, што некалі народ прачнецца і выкажа сваё незадавальненне на вуліцах і плошчах.

Але апошнімі гадамі, калі адбыліся падзеі ў Крыме і на Данбасе, беларускае кіраўніцтва пачало прымерваць на сябе і вось такія сцэнарыі гібрыдных забурэнняў, якія могуць быць наступствамі дзеянняў Крамля. Таму не выключае падобнага падчас электаральных кампаній, калі браць канкрэтна — наступных прэзідэнцкіх выбараў.

Верагодна, што Масква будзе сыходзіць з таго, ці Лукашэнка падпіша ў снежні праграму паглыбленай інтэграцыі. Пакуль што беларускі бок упарціцца і дае зразумець, што калі  Масква не “адсыпле пернікаў”, то падпісанне можа і не адбыцца. І, калі паміж “саюзнікамі” на гэтай глебе распачнуцца сур’ёзныя супярэчнасці, то Масква можа паспрабаваць крыху “замуціць ваду” на прэзідэнцкіх выбарах. Думаю, што вось гэтымі засцярогамі і тлумачацца  такія заявы Лукашэнкі, калі ён, нібыта, на роўным месцы пачынае “нагнятаць” уласнае бачанне небяспек.

Прызначэнне на “ключавую” пасаду ў сістэме МУС ураджэнца Беларусі – гэта збольшага не пераарыентацыя кадравага складу на нацыянальна-патрыятычныя сілы. Перадусім Лукашэнка арыентуецца на асабістую адданасць – гэта яго нязменны крытэрый. І раней так сапраўды складалася, што “ворагаў” у сілавых структурах было шмат. Зараз, пасля тых жа данбаска-крымскіх падзей, Лукашэнка пачаў уносіць карэктывы ў сваю кадравую палітыку і старацца больш прыглядацца да тутэйшых – карэнных выхадцаў з Беларусі. Бо, як паказалі тыя ж падзеі ва Украіне, расійская “пятая калона” можа неспадзявана згуляць сваю ролю ў экстрэмальнай сітуацыі».

Юры Назарэнка паходзіць са Слоніма. У 1997 годзе закончыў беларускую Вайсковую акадэмію, у 2009 годзе камандна-штабны факультэт акадэміі. З 2009 года служыць на кіроўных пасадах: у вайсковай частцы 5526 Брэста, з 2010 да 2014 года ў розных падраздзяленнях Службы бяспекі прэзідэнта. У 2014-2018 гадах кіраваў падраздзяленнямі СОБРа. З сакавіка 2018 года Юры Назаранка ўзначальваў штаб Службы бяспекі прэзідэнта.