Фота: svaboda.org

Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзенне 3 лістапада ў Мінску традыцыйнага шэсця і мітынгу ў месцы згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты з нагоды дня памінання продкаў «Дзяды», перадае Радыё Свабода.

13 кастрычніка ў Мінску адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі на сустрэчы з прадстаўнікамі сталічных і рэгіянальных ініцыятываў па мемарыялізацыі месцаў масавага знішчэння людзей у часы сталінізму паведаміў, што акцыя «адбудзецца нягледзячы ні на што».

«Мы не можам здаць гэтае мерапрыемства. Плата, няплата — гэта іншая тэма», — падкрэсліў ён.

Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да мінскай акцыі на «Дзяды» з расцяжкамі, на якіх былі б указаны назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».