Фота з «Фэйсбуку» Віталя Навіцкага

У Барысаве моцны вецер перакуліў гандлёвы намёт. Як паведамляе Белсат, інцыдэнт адбыўся побач з «Барысаў-Арэнай» падчас святкавання мінскіх абласных “Дажынак”.

«Тры чалавекі дастаўленыя ў больніцу, іх абследуюць лекары», – паведаміў у «Фэйсбуку» афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Пазней прэсавая сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун у размове з БелТА ўдакладніла, што пацярпелых было пяцёра.

«Двое з пераломамі накіраваныя ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Яшчэ двое – у Барысаўскую ЦРБ. Акрамя таго, адну пацярпелую пасля аказання медычнай дапамогі на месцы адправілі на амбулаторнае лячэнне», – дадала Барадун.

У суботу ў Беларусі праз моцны вецер – ад 15 да 20 м/с – Белгідрамет абвесціў памаранчавы ўзровень небяспекі.

Падобнае надвор’е будзе і заўтра: уночы на нядзелю метэаролагі прагназуюць вецер 15-18 м/с – і ўжо аб’явілі жоўты ўзровень небяспекі.