Андрэй Павук. Фота: baj.by

На Гомельшчыне ёсць аддалены райцэнтр Акцябрскі, колішняя Рудабелка. Легендарны край, цікавыя і самабытныя людзі. Адзін з такіх – блогер і грамадскі актывіст Андрэй Павук. Вядомасць да яго прыйшла найперш праз актыўную жыццёвую пазіцыю. Ён імкнецца ўзвысіць дух землякоў-рудабельцаў, змагаецца з хібамі мясцовага жыцця. Ладзіць крэатыўныя акцыі і перформансы, крытыкуе мясцовых чыноўнікаў. У сацыяльных сетках стварыў папулярную суполку «Рудабельская паказуха», вядзе Youtube-канал з такой жа назвай, на які падпісана каля 12 тысяч чалавек. Зараз Павук судзіцца з міліцыяй, патрабуючы спагнаць 25 тысяч рублёў маральнай шкоды.

Хто ён такі

У мінулым верасні Андрэю Павуку споўнілася 37 гадоў. Ён жанаты, з жонкай Вольгай гадуе сына і дачку. Сам Андрэй нарадзіўся ў Нароўлі, адкуль яго з бацькамі сагнала Чарнобыльская катастрофа. Пераехалі ў Акцябрскі.

Лічыць сябе рудабельцам, бо менавіта тут пачалося ягонае свядомае жыццё, тут нарадзіліся яго дзеці. За сваё пакуль непрацяглае жыццё Андрэй шмат чаго рабіў, шмат што выпрабаваў. Атрымаў дзве прафесіі: у Гомельскім політэхнікуме – дызайнера-тэхнолага мэблі, у Белдзяржуніверсітэце – настаўніка біялогіі. А яшчэ маляваў, быў лесніком, акампаніятарам. Выкладаў нават біялогію ў сельскай школе, праўда, рэкордна кароткі час – усяго адзін дзень.

«Паверце, – кажа Павук, – былі ў школе дзеці, якія толкам нічога не ведалі. Я, здаецца, падрыхтаваўся, у інтэрнэце дадатковую інфармацыю знайшоў, а ім – нецікава. Падумаў: я сам хутчэй кепскі настаўнік, чым яны кепскія вучні. Словам, ніводная атрыманая адукацыя мне не прыдалася ў жыцці».

Скандальны хіт «я з вёскі»

Гадоў восем таму Акцябрскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе Павук працаваў акампаніятарам, мусіў браць удзел у конкурсе БРПА і БРСМ «Я – лідар». Андрэй згадвае, што з яго пасільнай дапамогай цэнтр часцяком заваёўваў прызавыя месцы. Захацелі зноў перамагчы. Кіраўніцтва азадачыла: «Ну прыдумай што!»

«Я нешта напісаў, прынёс. Сталі абмяркоўваць. Тут не падабаецца, там не пасуе. Давай думаць разам, што ды як. Яны прапаноўваюць, а я рыфмую, мелодыю дапасоўваю. Нічога новага я там не прыдумаў, сабраў толькі тое, чаму школьнікаў вучаць. Так і атрымаўся хітовы відэакліп пад назвай «Я з вёскі», – тлумачыць Андрэй. Прапагандысцкі рэп, напісаны на расійскай мове, выдатна агучыла шасцікласніца Ксенія Дзягелька: «Долой мини-юбки! Короткое, узкое! Теперь покупать будем всё белорусское!», «Достанем из недр наших фосфор и калий, чтобы в достатке работал аграрий!», «Скажем спасибо за хлеб на полях и за хорошую жизнь в деревнях!»…

Пасля размяшчэння кліпа ў сеціве Байнет узарваўся каментарыямі. Пісалі і агучвалі шмат у крытычным плане:

«Па форме кліп яшчэ нічога, а вось па змесце… Не па сабе таго, што дзяцей уцягваюць у такія рэчы».

«Гэта жах на самай справе. Гэта нейкі калгас! Для сучаснай моладзі гэта вельмі смешна. Мне падаецца, што гэта прыкол».

«Не бачу абсалютна нічога патрыятычнага. Нават калі браць патрыётаў, то гэта нейкія
кпіны з нас».

«Джордж Оруэл у «Быдлячым двары» і ў «1984» такіх жа абсурдаў нагарадзіў».

«Кліп гэты – як бы меркаванне моладзі. Навязваюць яго нам. А кліп – проста нейкая ганьба».

У Акцябрскі прыязджалі нават супрацоўнікі КДБ – высвятлялі, ці сапраўды відэакліп мае патрыятычны змест. Дзяржаўнае тэлебачанне ў сваю чаргу рыхтавала ўзнёслыя рэпартажы. Сам Павук так адклікаўся на бурлівую рэакцыю сацыяльных сетак: «Мне не сорамна за гэты кліп, бо гэта падсумаванне таго, чаму ідэалогія навучыла нас за доўгія гады. Атрымаўся неблагі сцёб».

Адміністрацыя цэнтра і аддзел адукацыі нервова рэагавалі на нечаканую папулярнасць. Твор баранілі. А вось аўтара хіта ўшчувалі: педагог не можа так паводзіць сябе. Бывала, цягам аднаго дня кідалі супрацьлеглыя загады – то звальняйся, то заставайся. Урэшце Андрэй сам вырашыў: усё, хопіць! І пакінуў у цэнтры творчасці акампаніятарства, а заадно і гуртокдля дзяцей «Рэпарцёр»…

Поўны тэкст артыкула Анатоля Гатоўчыца пад рубрыкай «Новае пакаленне» чытайце  у газеце «Народная Воля» за 11 кастрычніка