Макар Шніп. Фота: https://lyceum.by

Былы дырэктар ліцэя БДУ Макар Шніп расказаў «Народнай Волі» пра новае месца працы і прычыны свайго сыходу з прэстажнага ліцэя краіны, у якім ён працаваў амаль 16 гадоў, і пяць апошніх – кіраўніком навучальнай установы.

У жніўні, напярэдадні новага навучальнага года, навіна пра звальненне Шніпа стала сенсацыяй. Малады таленавіты дырэктар, які карыстаўся непадробным аўтарытэтам і ў вучняў, і ў педагогаў, нечакана змясціў у сацыяльных сетках запіс пра свой сыход з ліцэя. А паколькі ён не назваў прычын такога рашэння, адразу ж папаўзлі розныя чуткі. Была і такая версія: у ліцэй БДУ паступіла ўнучка Аляксандра Лукашэнкі Анастасія, таму, маўляў, і прыбралі дырэктара-дэмакрата. Але насамрэч ніякіх падводных камянёў тут не было. Ва ўсялякім разе Макар Шніп кажа, што вырашыў паспрабаваць сябе ў новай якасці, таму і звольніўся. Нядаўна ён працаўладкаваўся ў Інавацыйную кампанію Promwad – незалежны дызайн-цэнтр электронікі.

– Цікава, чым там будзе займацца гісторык Шніп? – запыталіся мы ў Макара
Аляксандравіча.

– Так, я гісторык, але ж і ў адукацыі шмат гадоў. Буду ў Promwad займацца арганізацыяй унутранага адукацыйнага працэсу для супрацоўнікаў. Мне прыемна, што кампанія звярнулася да мяне з такой прапановай, што мной зацікавіліся. Гэта своесаблівы выклік для мяне як для гуманітарыя. Я бачу, што Promwad не падобная на ўсе іншыя нашы кампаніі, сканцэнтраваныя ў Парку высокіх тэхналогій, якія займаюцца праграмным забеспячэннем, канчатковым прадуктам. Мая праца будзе звязана не з «жалезам», яна тычыцца развіцця супрацоўнікаў, праходжання імі курсаў, трэнінгаў.

– Promwad – рэзідэнт ПВТ. Напэўна, і ваш заробак будзе выгадна адрознівацца ад настаўніцкага?

– Не хацелася б параўноўваць. Я адпрацаваў у адукацыі 16 гадоў, дабраўся да адпаведных вяршынь у прафесіі. Тут я толькі пачынаю…

Для мяне заробак не асноўнае. Вызначальным было тое, што я пачынаю працу ў новай для сябе і вельмі цікавай, дынамічнай сферы, у кампаніі, якая расце, развіваецца і мае досыць амбіцыйныя планы. У Promwad працуюць выпускнікі ліцэя, для мяне гэта таксама было прыемна.

– Макар Аляксандравіч, і ўсё ж скажыце самі пра прычыну свайго звальнення з дырэктарскай пасады, каб раз і назаўсёды спыніць усялякія чуткі?

– Тут, паверце, няма ніякага сакрэту. Проста я адчуў патрэбу нешта змяніць у сабе. Я працаваў у ліцэі БДУ амаль 16 гадоў – з 2003-га. Гэта вялікі досвед. Але ўзрост яшчэ дазваляе ўдасканальвацца ў прафесійным развіцці, чаму б не рызыкнуць?!.

Не было ў маім звальненні ніякіх момантаў, звязаных з тым, што мая кандыдатура кагосьці не задавальняла. Гэта было толькі маё рашэнне, прага спазнаць новы досвед! Лічыце, што гэта такая прыгода, авантура…

– З ліцэем развіталіся назаўсёды?

– Ні ў якім разе! Працую там і зараз як сумяшчальнік. Каб не забываць гісторыю Беларусі, ліцэйскую атмасферу, як хобі пакінуў сабе падрыхтоўчую групу ў так званым вячэрнім ліцэі.

– Поспехаў вам на новай працы, хаця, канешне, шкада, што наша сярэдняя школа пазбаўляецца такіх прафесіяналаў.

– Я думаю, што моцная каманда педагогаў ліцэя захаваецца. Новы дырэктар – Ігар Мікалаевіч Варакса – чалавек вельмі прафесійны, вопытны, сам выпускнік ліцэя, доўгі час працаваў намеснікам дырэктара… А я паспрабую быць карысным і эфектыўным тут, на новым месцы, для кампаніі Promwad.