Валерый Варанецкі / Еўрарадыё

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі выступіў у падтрымку беларускай мовы. Напярэдадні шэраг грамадскіх арганізацыяў краіны выступілі са зваротам, у якім заклікалі беларусаў назваць на перапісе насельніцтва сваёй роднай мовай беларускую. Яны звяртаюць увагу на тое, што роднай мовай у анкетах пазначаюць «першую засвоеную ў дзяцінстве», з чым не згодныя. «Родная мова — гэта эмоцыі ды пачуцці, гэта тая мова, якую вы адчуваеце роднай, мовай сваіх дзядоў», — чытаем у звароце, перадае Еўрарадыё.

Варанецкі прытрымліваецца такога ж меркавання. Вось што ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Прытрымліваюся пункту гледжання, што першая засвоеная мова не абавязкова з’яўляецца роднай. Зыходжу з таго, што родная мова вызначаецца наяўнасцю ў нас эмацыйнай сувязі з ёй. Мне бліжэй падыход, згодна з якiм «роднай мовай прызнаецца мова народа ці этнічнай групы, да якой адносіцца чалавек, мова, якая злучае яго з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі набыткамі i служа падмуркам этнічнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі».

Дэпутат падкрэсліаве, што «родная мова — гэта крыніца нашай нацыянальнай культуры, ментальнасці, светагляду».