Фото: pixabay.com

Вільня плануе візавую падтрымку для беларусаў, якія прыедуць на перапахаванне кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Над рэалізацыяй такой магчымасці працуе Міністэрства замежных спраў Літвы. Віцэ-канцлер літоўскага ўраду Дэйвідас Матулёніс заявіў, што беларусы вартыя такога падарунка. Улады Літвы чакаюць, што тысячы нашых суайчыннікаў прыедуць на перапахаванне нацыянальнага героя, інфармуе Еўрарадыё са спасылкай на Радыё Свабода.

8 кастрычніка ў Вільні прайшло пасяджэнне дзяржкамісіі ў справе перапахавання паўстанцаў, чые парэшткі ў 2017-м былі знойдзены на Замкавай гары. У ім удзельнічаў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч. Быў ухвалены канчатковы варыянт праграмы ўшанавання. Гэта будзе трохдзённая ўрачыста-жалобная цырымонія, галоўны дзень — 22 лістапада. Падрабязна пра яго можна пачытаць тут.

Якім будзе ўзровень беларускай дзяржаўнай прысутнасці, пакуль невядома. У Вільні яшчэ не атрымалі адказ з Мінску.