Адрозу трое жыхарак вёскі Якімава Слабада патрапілі 7 кастрычніка ў кардыялагічнае аддзяленне Светлагорскай раённай бальніцы. Двое з іх – з вуліцы Школьнай, адна – з Сонечнай. Жылыя дамы на гэтых вуліцах знаходзяцца паблізу новапабудаванага завода сульфатнай бяленай цэлюлозы.

“Быў моцны смурод ад завода. Горла гарэла, ванітавала. “Хуткая” забрала мяне па абедзе. Самі медыкі яшчэ здзіўляліся – невыносны пах. Цяпер во ляжу з гіпертаніей”, – паведаміла журналісту “Народнай волі” жанчына з вуліцы Сонечнай.

Апекуецца аднавяскоўкамі пенсіянерка Людміла Марыневіч – яна дзевяты дзень сама лекуецца ў кардыялогіі.

“Калі толькі смурод з завода ахутвае вёску, у мяне ў самой пачынаецца сардэчная арытмія. Гэта проста невыносна, – скардзіцца Людміла Васільеўна. – Думала сёння прама з бальніцы ісці ў райвыканкам, але пакуль мяне не выпісалі”.

Жыхары Якімавай Слабады і Светлагорска ад пачатку пусканаладачных работ на заводзе беленай сульфатнай цэлюлозы скардзіліся на вельмі непрыемны пах. Напачатку дырэкцыя цэлюлозна-кардоннага камбіната, якому належаць завод, адмаўляла праблему, сцвярджала, што выкіды не аказваюць негатыўнага ўплыву на здароўе.

Мясцовыя жыхары і грамадскія актывісты Светлагорска напісалі дзесяткі скаргаў у розныя інстанцыі. Дайшло да стыхійных пратэстных мітынгаў, бурных сходаў з удзелам кіраўніцтва раёна, канцэрна “Беллеспаперапрам”, Міпрыроды. Урэшце ўлады прызналі, што рэзкі пах абумоўлены выкідам у атмасферу метылмеркаптанаў. Газы гэтыя ў вялікіх канцэнтрацыях выклікаюць смерць. Пусканаладачныя работы прыпынілі.

Будавала завод кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ на крэдыт “Эксімбанкам” з таго ж Кітаю. Кошт новага прадпрыемства, якое мае вырабляць 400 тысяч тон бяленай цэлюлозы ў год, – каля 1 мільярда долараў. Прадугледжвалася запусціць новую вытворчасць яшчэ ў 2015 годзе, але будаўніцтва і наладка яго зацягнулася. Дадаліся яшчэ і “смярдзючыя выкіды”.

У жніўні сход акцыянераў Светлагорскага ЦКК скасаваў кантракт з карпарацыяй САМСЕ. Даводзіць да ладу ЗБЦ будзе фінская фірма “Andritz Oy”. Кіраўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната абяцае праз сістэму збору і спальвання высока- і нізкаканцэнтраваных газаў вырашыць праблему шкодных выкідаў да канца бягучага года.

Тым часам у Светлагорскі раённы суд паступіў пазоў ад мясцовых жыхароў. Яны патрабуюць спагнаць з цэлюлозна-кардоннага камбіната 15 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі шкоды ад “смярдзючага завода”.